Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла павіншавала беларусаў з 25-й гадавінай аднаўленьня незалежнасьці


Івонка Сурвіла
Івонка Сурвіла

«Роўна чвэрць стагодзьдзя таму Беларусь пасьля больш як сямідзесяці гадоў панаваньня савецкага акупацыйнага рэжыму зноў адрадзілася як сувэрэнная дзяржава, — гаворыцца ў сьвяточным звароце старшыні Рады БНР. — Дзень 25 жніўня 1991 году, калі Вярхоўны Савет БССР абвясьціў пра незалежнасьць Беларусі, стаўся днём вялікае беларускае гістарычнае перамогі».

Івонка Сурвіла нагадвае, што «беларускі народ актыўна змагаўся за сваю незалежнасьць цягам многіх пакаленьняў: узгадайма паўстаньні XIX стагодзьдзя, Усебеларускі Зьезд 1917 году, абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году, доўгія гады чужаземнай акупацыі, падпольнай і партызанскай збройнай барацьбы. У 1991 годзе беларускае грамадзтва, авангардам якога выступілі Беларускі Народны Фронт і яго фракцыя ў Вярхоўным Савеце, рэалізавала мару беларусаў пра ўласную дзяржаўнасьць».


«На жаль, перамога тая была не канчатковаю, — адзначаецца ў звароце. — Празь некалькі гадоў да ўлады ў Беларусі прыйшла сіла, якая паставіла Беларусь у вялікую залежнасьць ад Расеі, спрабуючы маніпуляваць тамтэйшымі імпэрскімі комплексамі дзеля сваёй карысьлівай выгоды і робячы сувэрэнітэт нашае краіны прадметам торгу. У 1991 годзе Беларусь мела выключныя геапалітычныя ды эканамічныя магчымасьці, каб, дзякуючы працавітасьці беларускага народа, неўзабаве зрабіцца дэмакратычнай і заможнай эўрапейскай краінай. Але імпэрскія памкненьні Расеі, якія ня маюць нічога супольнага з прынцыпамі свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека, а таксама палітыка дыктатарскага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі перашкодзілі гэтаму».

Старшыня Рады БНР перакананая, што «незалежнасьць Беларусі па сёньняшні дзень застаецца пад істотнай пагрозай, якая сыходзіць ад аўтарытарнай і ўсё больш агрэсіўнай Расейскай Фэдэрацыі і яе цяперашніх шавіністычных уладаў. Тым ня менш, у беларусаў сёньня ёсьць тое, пра што некаторыя іншыя народы толькі мараць і чаго ня могуць дамагчыся нават коштам вялізных чалавечых ахвяраў — уласная незалежная дзяржава. Так, змаганьне за сапраўдную незалежнасьць Беларусі працягваецца — але яно, безумоўна, скончыцца перамогай. Пацьверджаньне гэтаму — прыклад тых дзясяткаў тысяч беларусаў, якія ў жніўні 91-га выйшлі на плошчы — і перамаглі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG