Адвакат Дзьмітры Гарачка назваў «кампрамісным» рашэньне судовай калегіі Вярхоўнага суду, якая часткова задаволіла скаргу на прысуд Уладзімеру Мальцаву, напалову зьнізіўшы тэрмін пакараньня, але пакінула яго вінаватым у службовым злоўжываньні.
Вось што адвакат Дзьмітры Гарачка адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды адносна рашэньня суду.
— Уладзімер Мальцаў абвінаваціў сьледчых, якія вялі ягоную справу, у перадузятасьці і нават казаў, што пэўныя доказы былі сфальшаваныя. Вы далучаецеся на гэтых высноваў вашага падабароннага?
— Сказаў бы гэтак: тое, што папярэдняе сьледзтва было праведзена з парушэньнямі закону, — гэта ня толькі аргумэнты мае і майго падабароннага. Гэты факт усталяваны і Менскім абласным судом, бо на адрас Сьледчага камітэту вынесенае прыватнае вызначэньне аб тых парушэньнях, якія былі зроблены падчас папярэдняга сьледзтва.
— Навошта, на вашу думку, гэта рабілася? Выконваўся нейкі загад — абавязкова пасадзіць Мальцава, ці як?
— Не магу камэнтаваць дзеяньні іншых асоб. Мяркую, пасьля таго, як прыватнае вызначэньне Менскага абласнога суду будзе даведзенае да Сьледчага камітэту, там зробяць высновы і прымуць меры.
— Вы сёньня ў судзе сказалі, што Мальцаў — з тых нешматлікіх людзей, якіх вы мала сустракалі за сваю адвакацкую кар’еру і кар’еру судзьдзі, якім «грошай ня трэба, працу давай». Чаму такая ўпэўненасьць?
— Гэта ня толькі маё меркаваньне, а, наколькі мне вядома, гэтак думаюць у калектыве «Барысаўдрэва», гэтак думаюць і кіраўнікі, якія прызначалі яго на пасаду гендырэктара і выступалі ў судзе як сьведкі. Яны сапраўды пацьвердзілі, што ён бескарысьлівы і што ўсе ягоныя дзеяньні былі накіраваныя на задавальненьне інтарэсаў прадпрыемства, найперш. А па-другое, каб выканаць тыя пляны, якія былі пастаўленыя, як казалі раней, «партыяй і ўрадам» перад прадпрыемствам. У прыватнасьці, і нашым паважаным прэзыдэнтам.
— І чаму тады «партыя і ўрад» гэтак яму аддзячылі?
— Як юрыст і адвакат я мушу ўспрымаць тое, што ёсьць. Ёсьць прысуд, і ёсьць вызначэньне судовай калегіі. Можна казаць, што прысуд уступіў у сілу са зьменамі, а калі мы нязгодныя, у нас ёсьць магчымасьць яго абскарджваць і далей. А чаму сёньня прынятае такое рашэньне? Значыць, суд палічыў, што ёсьць падставы гэтак зьмяніць прысуд. Мы лічым, што ў нас ёсьць падставы пры наяўнасьці жаданьня абскардзіць прысуд і далей.
— Уладзімер Мальцаў указваў суду на некампэтэнтнасьць сьледчых у тэхнічных і будаўнічых галінах, якая, на ягоную думку, выявілася падчас расьсьледаваньня. Вы з гэтым згодны?
— Ня буду пра некампэтэнтнасьць, магу казаць пра тое, абгрунтаванае ці неабгрунтаванае было абвінавачаньне. Можна канстатаваць, што Вярхоўны суд паставіў пакуль кропку ў гэтай справе, сказаўшы, што ня ў поўным аб’ёме высновы крымінальнага перасьледу былі абгрунтаваныя і законныя. Бо Вярхоўны суд выключыў з таго, што ставілася ў віну Мальцаву, фактычна большасьць.
Жонка Ўладзімера Мальцава Алена Мальцава гэтак пракамэнтавала сёньняшняе рашэньне судовай калегіі Вярхоўнага суду:
«Рада, што муж хутка будзе дома, а ўсё астатняе пасьля перажытага кашмару для мяне ня мае значэньня. Дачка вельмі непакоіцца, тэлефануе кожныя паўгадзіны, яна таксама вельмі задаволеная, што тата хутка будзе дома. Гэта самае галоўнае для нас. Але што да мяне, дык гэтае рашэньне не адпавядае таму, што я чакала. А чакала я таго, што мужа мусяць апраўдаць і вызваліць у залі суду. Што будзе далей, вырашаць яму: абскарджваць прысуд ці пагадзіцца. Гэта ўсё наперадзе. Ведаючы ягоны характар, не бяруся нічога прадказваць».