Каля мэмарыяльнага комплексу Курапаты пад Менскам мае адкрыцца рэстаран «Поедем поедим» — у межах забаўляльнага комплексу, які раней атрымаў назву «Бульбаш-хол». 30 траўня абаронцы Курапатаў правялі ў Менску экстраную нараду «ўсіх, гатовых спыніць новы „Бульбаш-хол“». Свабода вяла жывую відэатрансьляцыю абмеркаваньня.
Актывісты сфармавалі плян дзеяньняў на бліжэйшы час.
31 траўня
- Збор а 10-й з Ганнай Шапуцькай каля аблвыканкаму, затым паход у Міністэрства культуры.
- Збор а 20-й з Вольгай Мікалайчык каля Крыжа Пакутаў з тымі, хто гатовы ночыць ва ўрочышчы са зьнічамі.
1 чэрвеня
- Агульны збор аб 11-й ля Крыжа Пакутаў і спроба патрапіць на адкрыцьцё рэстарацыі «Поедем поедим».
2 чэрвеня
- Папярэдне збор а 12-й ці 13-й і ўстаноўка намётаў.
3 чэрвеня
- У прамежку з 13.00 да 16.00 адбудзецца афіцыйна дазволены мітынг-рэквіем КХП-БНФ.
4 чэрвеня
- Збор аргкамітэту і выпрацоўка стратэгічнага пляну дзеяньняў.
Ідэі супраціву новаму «Бульбаш-холу»
Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец перадусім прапанаваў зьвярнуцца да ўласьнікаў з патрабаваньнем перадаць гэты аб’ект для будучага музэя сталінскіх рэпрэсіяў. Гэтую ідэю падтрымаў адзін з лідэраў руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык. Ён адверг ініцыятыву збору сродкаў — папярэдне 3-4 мільёны даляраў — з тым, каб выкупіць комплекс у інвэстараў.
Адкрыцьцё рэстарану «Поедем поедим» на месцы першапачатковага «Бульбаш-холу» заплянаванае на 1 чэрвеня. Калі да гэтага дойдзе, удзельнікі нарады ня выключаюць флэшмобу ў выглядзе імправізаванай інфармацыйнай кампаніі сярод наведнікаў — каб распавесьці, што ў гэтым месцы адбывалася 80 гадоў таму.
3 чэрвеня ў Курапатах заплянаваны мэмарыяльны мітынг, заяўнікам якога выступіла Кансэрватыўна-хрысьцянская партыя БНФ. Ня выключана, што напярэдадні паблізу комплексу будзе разьбіты намётавы лягер. Севярынец паабяцаў, што «пагромаў і псаваньня маёмасьці» ня будзе, але трымаць абарону заклікаў да пераможнага канца.
Удзельнікі нарады вырашылі 31 траўня зьвярнуцца ў Менскі аблвыканкам, каб там афіцыйна патлумачылі, на якой падставе быў дадзены дазвол на дзейнасьць камэрцыйнай установы ў ахоўнай зоне Курапатаў.
Таксама праз акрэдытаваныя дыппрадстаўніцтвы будзе праінфармаваная міжнародная супольнасьць.
Як зьявіўся «Бульбаш-хол»
Будоўля «Бульбаш-холу» пачалася ў 2012 годзе ў межах ахоўнай зоны. Пасьля зваротаў грамадзкасьці дзяржаўныя ўстановы выявілі парушэньні пры будаўніцтве, і яно было спыненае. Аднак у 2015 годзе Міністэрства культуры скараціла ахоўную зону Курапатаў са 120 да 50 мэтраў, і «Бульбаш-хол» трапіў у зону рэгуляванай забудовы, дзе будаваць можна з улікам пэўных нюансаў. Пратэсты грамадзкасьці, звароты ў суд і пракуратуру плёну не далі.
Пазьней паведамлялася, што «Бульбаш-хол» зьмяніў назву на «Банкет-хол». Але рэстаранна-забаўляльны комплекс каля Курапатаў так і не адкрыўся.
Асноўнае пра Курапаты
Грамадзкасьць прапаноўвала дзяржаве выкупіць комплекс і перадаць яго на балянс Беларускага саюзу мастакоў «дзеля творчай дзейнасьці ў інтарэсах Курапатаў». А таксама «сесьці за круглы стол з уладальнікамі гэтага аб’екта і падумаць, разабрацца, як гэта зрабіць, каб і бізнэс захаваць, і не парушаць маральных нормаў, якія там павінны быць захаваныя».
16 лютага 2017 году, грамадзкасьць распачала абарону Курапатаў супраць будаўніцтва ў іншым месцы бізнэс-цэнтру прыватным прадпрыемствам «Белрэканструкцыя». Будаўнічая пляцоўка разьмясьцілася за некалькі дзясяткаў мэтраў ад курапацкіх крыжоў, на плошчы, якая ўваходзіла ў ахоўную зону Курапатаў. Гэты кавалак зямлі Менгарвыканкам прадаў прадпрымальнікам, скараціўшы межы ахоўнай зоны ўрочышча.
Супрацьстаяньне будаўнікоў і грамадзкасьці доўжылася больш за месяц і завяршылася перамогай апошніх: прадпрыемства «Белрэканструкцыя» адмовілася ад будаўніцтва. Але шмат каго з абаронцаў затрымалі, судзілі і аштрафавалі.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Паводле розных падлікаў ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.