“Вольная Беларусь” на гэтым тыдні 1918 году апісвае становішча ў Менску: “Крадзеж і грабежство павялічваюцца. Горад перапоўнены салдатамі з фронту, шмат сартаў, башкіраў, кітайцаў, буратаў і іншых інародцаў, што паварочаліся з ваенных работ. Хлеба ў горадзі німа... Горад выглядае брудна і ні прыбіраецца. Каб трапілі сюды немцы, то сказалі-б, што тут жывуць ні культурныя людзі, а некія бушмены ці тунгусы с паўночнай Сыбіры”.
“Савецкая Беларусь”, год 1928. Газэта рэцэнзуе фільм “Тры мушкецёры”: “Уся карціна з надворнага боку зроблена ня дрэнна, глядзіцца з цікавасьцю, але пабудована яна толькі на труках, любоўных інтрыгах і розных прыгодах. Ніводзін кадр не дае нам уражаньня аб эканамічным і гістарычным жыцьці тагочаснай Францыі. Гэта звычайны амэрыканскі прыключэнчаскі кіно-роман. Дрэнна, што пры савецкім выпуску гэтага фільму не парупіліся аб тым, каб у подпісах даць хаця некалькі звычайных гістарычных справак”.
“Навіны” ў 1998 годзе паведамляюць: “У мінулы панядзелак, на ўрачыстым прыёме з нагоды 80-годдзя абвяшчэння незалежнасці Літоўскай Рэспублікі, які амбасада суседняй краіны ладзіла ў рэстаране гатэля “Юбілейны”, адбылася бойка паміж Генадзем Карпенкам і Міхаілам Шыманскім, галоўным рэдактарам “Народнай газеты”. Цяжка ўявіць сабе вынікі гэтага інцыдэнту, калі б фізічна здаровых і рослых мужыкоў не развёў намеснік міністра адукацыі Алег Слука. Пакрыўджаны Шыманскі ў адчаі клікаў міліцыю, якая аднак не з’явілася”.