А вось некаторыя псыхолягі лічаць, што шмат хто не адрозьнівае каханьне ад эмацыйнай залежнасьці ад каханьня.
“Пазбаўляем ад алькагольнай, тытунёвай, наркатычнай залежнасьці”, - гэткімі абвесткамі заўжды стракацелі старонкі рэклямы мэдычных паслугаў. Цяпер шэраг пашырыўся: лекуюць ужо і ад да залежнасьці ад каханьня.
“Калі чалавек адчувае сябе нармальна толькі ў прысутнасьці свайго аб’екту каханьня, у вонкавай блізкасьці, - а варта гэтаму аб’екту пайсьці на працу ці яшчэ па якіх справах, - дык адразу ўзьнікае патрэба бясконца яму званіць, спраўджваць, дзе ён, з кім ён і калі вернецца, - гэта прыкмета наяўнай залежнасьці”, - лічыць псыхатэрапэўт Уладлен Пісараў (www.psychobel.narod.ru).
"Калі чалавеку нармальна – дык і на здароўе"
Міхаіл Маслаў, кандыдат псыхалягічных навук, заснавальнік псыхааналіз-цэнтру “Пакроў”, мяркуе, што мяжа нормы паміж каханьнем і залежнасьцю ад яго – у асабістым самаадчуваньні чалавека.
“Калі чалавек лічыць, што зь ім усё нармальна, на працы, у вучобе, тры каханкі ў яго – і ўсё ў радасьць – дык на здароўе. А нехта не вытрымае і адной. А калі чалавек ня сьпіць, ня есьць – гэта ўжо глыбокая праблема, хутчэй за ўсё, гэта сур’ёзная дэпрэсія, і яна вымагае сур’ёзнага лячэньня”.
Справакаваць залежнасьць-каханьне можа недахоп любові ў дзяцінстве
Залежнасьць ад каханьня ўтвараецца з розных прычынаў, кажа Ўладлен Пісараў:
“Гэта залежыць ад тыпу асобы, а таксама ад уласьцівасьцяў выхаваньня, сцэнару сямейнага. Магчыма, нейкія праблемы ад нуля да году і ад 3 да 5 гадоў. Ад нуля да году маці мусіць быць пастаянна з дзіцём, любіць яго, клапаціцца пра яго, песьціць. А ад 3 да 5 год – гэта пэрыяд, калі паступова дзіця адасабляецца ад маці. Калі яму трэба даваць магчымасьць вывучаць навакольны сьвет, не адзёргваючы яго, не перашкаджаючы, не абмяжоўваючы. Але, - каб ён разумеў, што ў кожны момант яму ёсьць куды вярнуцца, - дзе яго заўсёды могуць падтрымаць, абараніць”.
Кожная залежнасьць - хвароба
Некалі шчасьлівы, жыцьцярадасны чалавек можа патрапіць у эмацыйную пастку. І выбірацца з гэтай пасткі можа аказацца доўга і цяжка, кажа Уладлен Пісараў:
“Гэта залежыць ад стадыі разбуранасьці асобы. Што тычыцца каханьня-залежнасьці, гэта можа заняць і два гады. Гледзячы, як часта сустракацца. Часьцяком патрабуецца сустракацца 2 разы на тыдзень. Прыкладам, як мне вось званіла дзяўчына: сяджу пад пад’ездам, дзень... ноч... чакаю, пакуль выйдзе. То бок, слухаўку не бярэ ўжо, размаўляць па тэлефоне не атрымліваецца – сяджу, чакаю, як аблогу трымаю: выйдзе – я змагу тады зь ім пагутарыць. Ці – проста паглядзець, убачыць. Гэта – цяжкая сытуацыя. Тут трэба і кожны дзень сустракацца, каб зрушыць сытуацыю”.
Выправіць памылкі, каб не паўтараць
Эфэктыўнасьць працы з псыхатэрапеўтамі, псыхолягамі вызначаецца ня толькі вызваленьнем ад залежнасьці ў дадзены момант, кажа Міхаіл Маслаў:
“Два этапы працы: вывесьці з крызіснага стану і навучыцца будаваць стасункі па-новаму. Каханьне – гэта не тады, калі “не магу жыць безь цябе”. Каханьне – калі “я магу жыць без цябе, але я раблю выбар – мне добра з табой...”
Свабода не “ад”, свабода “для”... Свабода дзеля канструктыву
Псыхоляг Уладлен Пісараў лічыць, што канструктыўныя стасункі ў каханьні – гэта дазвол на свабоду для сябе і таго, каго кахаеш:
“Гэта свабода руху да чалавека, і – ад яго”.
Важная прычына ўзьнікненьня каханьня-залежнасьці – гэта распаўсюджаныя стэрэатыпы:
“У нас жа вельмі распаўсюджаны міт пра тое, што залежнасьць-каханьне – гэта і ёсьць каханьне”.
Рамэа і Джульета – клясычная гісторыя хваробы
Дзякуючы гісторыям, апісаным у кнігах і фільмах, чалавек імкнецца да такога ж яркага і насычанага эмацыйна:
“Мастакі, пісьменьнікі, паэты... Шмат твораў, якія апісваюць каханьне-залежнасьць як прыклад каханьня. Гэткім чынам яго рэклямуюць. І шмат хто прымае гэтую схему стасункаў як адзіна прымальную.
Узгадайце “Рамэа і Джульету” – гэта ж клясычная гісторыя хваробы!!!”