Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым скончыцца для Беларусі дыялёг Масквы і Варшавы?


Кіраўнік польскага ўраду Дональд Туск сёньня прыбыў з рабочым візытам у Маскву. Ці адаб’ецца паляпшэньне стасункаў паміж Варшавай і Масквой, якое назіраецца апошнім часам, на дачыненьнях Польшчы зь Беларусьсю?


Палітоляг, кіраўнік беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў лічыць: падчас перамоваў польскага прэм’ера з кіраўнікамі Расеі непасрэдна беларускае пытаньне ўздымацца, хутчэй за ўсё, ня будзе. Але вынікі перамоў закрануць Беларусь:

“Калі размову вядуць двое нашых бліжэйшых суседзяў, дык, натуральна, узьнікаюць пытаньні, якія ўскосна тычацца Беларусі. Зь іх найбольш цікавымі для нас выглядаюць вынікі маскоўскіх перамоваў па дзьвюх праблемах.

Першая – гэта Трансбалтыйскі газаправод. Другая – разьмяшчэньне элемэнтаў амэрыканскай супрацьракетнай абароны ў Польшчы.

Важна, у якім рэчышчы пойдзе маскоўская размова. Яе вынікі будуць мець пэўнае значэньне і для Беларусі – ці гэта будзе ўзмацненьне супрацьстаяньня, ці гэта будзе адліга? Беларусі, зь яе геаграфічным і геапалітычным становішчам, гэта будзе тычыцца ў вельмі значнай ступені”.

Палітычны аглядальнік міжнароднага парталу “Wider Europe” Раман Якаўлеўскі акцэнтуе ўвагу на тым, што пазыцыя Беларусі адносна разьмяшчэньня ў Польшчы элемэнтаў амэрыканскай супрацьпаветранай абароны зьмянілася:

Спачатку былі заявы на высокім і найвышэйшым узроўні, што гэта нас ня тычыцца...
Спачатку былі заявы на высокім і найвышэйшым узроўні, што гэта нас ня тычыцца, што на бясьпецы Беларусі гэта ніяк не адаб’ецца. А потым, пасьля яўнага ціску Масквы, мы пачулі абсалютна адваротнае. Прынамсі падчас візыту Пуціна ў сьнежні ў Менск Лукашэнка адкрыта сказаў пра гатоўнасьць падтрымаць Расею ў гэтым пытаньні. І была заява міністра абароны Беларусі Мальцава ў Маскве, дзе ён казаў, што разьмяшчэньне элемэнтаў супрацьракетнай абароны — непасрэдная пагроза Беларусі. І Саюзнай дзяржаве, як яны любяць казаць”.

Палітоляг Лялькоў лічыць, што ў эканоміцы знайсьці кампрамісы будзе лягчэй і прасьцей, чым у палітыцы:

“Якраз-такі ў эканамічных дачыненьнях можна чакаць даволі значнага паляпшэньня. Дарэчы, у эканамічных беларуска-польскіх дачыненьнях я таксама прагназую паляпшэньне, як і паляпшэньне эканамічных дачыненьняў Беларусі з Эўразьвязам наагул. Гэта тое, чаго можна чакаць бліжэйшым часам”.

Кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў лічыць — Беларусь зацікаўленая ў выніках маскоўскіх перамоваў:

“Калі павялічыцца плынь тавараў з Польшчы ў Расею, дык і плынь грузаў праз тэрыторыю Беларусі пабольшыцца. А гэта павялічыць нашы прыбыткі ад транзыту”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG