Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакраты раяцца, як пазьбегнуць фальшаваньня выбараў


Сёньня ў Менску апазыцыйныя лідэры за круглым сталом абмяркоўвалі, якія зьмены неабходна ўнесьці ў выбарчае заканадаўства. Дыскусію ініцыяваў Рух “За Свабоду” ў межах кампаніі “За свабодныя выбары”.


Намесьнік кіраўніка Руху Віктар Карняенка тлумачыць, чаму менавіта гэты аспэкт выбарчай кампаніі абмяркоўваюць першым:

“Пытаньняў праблемных, якія трэба вырашаць, вельмі шмат. Але тэма выбарчага заканадаўства, з майго гледзішча, найбольш мэтазгодная, таму што яна ўсіх нас збліжае. І тут лёгка знайсьці паразуменьне”.

Аднак дыскусія паказала, што і тут няма агульнага падыходу. Сяргей Альфер даказваў — трэба абавязкова дамагацца зьменаў у Выбарчы кодэкс. А Ўладзімер Лабковіч пераконваў — акцэнт трэба зрабіць на практыку ўжываньня заканадаўства. А яе можна мадэрнізаваць і праз пастановы ды мэтадычныя рэкамэндацыі Цэнтравыбаркаму, тлумачыць спадар Лабковіч:

“Я ня ўпэўнены, што і ў гэтым выпадку мы здолеем пазьбегнуць фальсыфікацыяў, але пэўны кантроль за выбарчым працэсам мы атрымаем.

Напрыклад, нам трэба патрабаваць, каб пры фармаваньні выбарчых камісіяў улічвалася норма, якая існуе ў шмат якіх краінах. Ва Ўкраіне партыя-ўдзельніца выбараў гарантавана мае прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях. Гэта можна забясьпечыць пастановай ЦВК. У гэтым выпадку яна абсалютна не выходзіць за межы сваіх кампэтэнцыяў, не падмяняе парлямэнт, ня ўносіць зьмены ў кодэкс і не пярэчыць кодэксу”.

Паказаць фальсыфікацыю вынікаў выбараў трэба перадусім не замежным назіральнікам і палітыкам, а жыхарам Беларусі, казаў сацыёляг Андрэй Вардамацкі. Паводле ягоных дадзеных, “у масавай сьвядомасьці грамадзянаў Беларусі існуе фундамэнтальная супярэчнасьць адносна вынікаў выбараў”:

“З аднаго боку, людзі ўспрымаюць выбары як справядлівыя — фальсыфікацыі, няправільных падлікаў галасаваньня не было. І так думаюць прыкладна дзьве траціны. З другога боку, пры правядзеньні фокус-групаў заўжды ўсплываюць шматлікія прыклады, калі тыя ж самыя людзі кажуць, што парушэньні былі.

У абодвух выпадках людзі гавораць шчыра. У чым жа тады тут справа? Адбываецца раскол паміж ведамі і ацэнкай. Людзі ведаюць факты, але не ацэньваюць іх як нэгатыўныя. Чаму? Ёсьць два тлумачэньні. Першае — чалавек бачыць парушэньні, але думае, што гэта адбываецца толькі зь ім. І таму ў цэлым лічыць вынікі справядлівымі. А другое — адсутнасьць эмацыйна нэгатыўнага ўспрыманьня фактаў парушэньня. Чалавек ведае пра гэтыя факты, але ўспрымае іх як належнае. Мяне аблічылі — ну, значыць, так і трэба. Так і павінна быць”.

Па выніках дыскусіі створана спэцыяльная група экспэртаў, якая абагульніць усе меркаваньні і падрыхтуе прапановы для ўладаў.

Уладзімер Глод, Менск
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG