Сустаршыня Палітрады Аб'яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька згадвае: падрыхтоўка да выбараў пачалася адразу пасьля заканчэньня Кангрэсу дэмсілаў. Тады вызначыліся, што патрэбныя адзіны сьпіс і адзінае пасланьне да выбаршчыкаў. Пад гэтым рашэньнем падпісаліся 8 суб'ектаў дэмакратычнай кааліцыі. Астатнія заяўлялі альбо пра байкот выбараў, альбо пра тое, што рашэньне трэба прыняць увесну 2008 году:
“На сёньняшні дзень мы маем наступную сытуацыю — 63 ці 64 акругі, дзе кандыдаты ўжо ўзгодненыя. На бліжэйшым пашыраным паседжаньні Палітрады (гэта будзе 9 лютага) сьпіс будзе легітымізаваны, за яго прагаласуюць. У ім будзе 63—64 прозьвішчы, а хутчэй за ўсё і больш, паколькі зараз ідуць інтэнсіўныя перамовы”.
Анатоль Лябедзька кажа, што апошнім часам цікавасьць да агульнага сьпісу зьявілася ў структураў і асобаў, якія раней ігнаравалі гэтую справу:
“Яны таксама пачалі казаць, што ў іх ёсьць моцныя кандыдаты. Гэта, з аднаго боку, станоўчы фактар. Але з другога, ёсьць пэўная небясьпека, што будзе зроблена спроба з нуля пачынаць працу над сьпісамі. Ня пойдуць на гэта асноўныя палітычныя структуры. Мы можам казаць толькі пра невялічкую карэкціроўку, калі насамрэч ёсьць выбітная асоба, вельмі канкурэнтаздольны кандыдат”.
“А можна назваць у якасьці прыкладу гэтыя структуры ці асобы?”
“Вось раптам зьявіўся Хрыстафор Жаляпаў, каардынатар “Руху “За свабоду” ў Віцебскай вобласьці, і прыносіць альтэрнатыўны сьпіс”.
Намесьнік старшыні незарэгістраванага “Руху “За Свабоду” Віктар Карняенка цьвердзіць, што гэтае аб'яднаньне застаецца на ранейшых пазыцыях:
“Рух “За Свабоду” прыняў сваё рашэньне. І ён яго не мяняў. Мы ня будзем удзельнічаць у фармаваньні адзінага сьпісу.
Але мы лічым вельмі важным, каб гэты сьпіс быў. І я ведаю пра дзейнасьць спадара Жаляпава. Ён настойліва прапануе ўсім палітычным суб'ектам скласьці адзіны сьпіс, а не фармуе свой уласны.
Тут ёсьць вялікая розьніца. І калі на агульнае паседжаньне, дзе фармуецца сьпіс, не запрашаецца частка суб'ектаў, прыкладам, прадстаўнікі партыі Статкевіча, — гэта непаўнавартасны сьпіс. Мы лічым, што гэта няправільна. І прапануем перадусім сустаршыням Палітрады АДС быць больш адказнымі.
З майго пункту гледжаньня, сустаршыні пакуль не знайшлі магчымасьці далучыць да гэтага працэсу тыя партыі, якія ім не патрэбныя былі на Кангрэсе. Сустаршыні цяпер пачынаюць крычаць, што нешта тут ня тое. Але гэта і ёсьць плён іхнай працы”.