Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івашкевіч: у нас праблемы чарнобыльскай і палітычнай катастрофаў


Сёньня ў менскім парку Дружбы народаў а 18-й гадзіне пройдзе мітынг з нагоды 25-х угодкаў чарнобыльскай трагедыі. Гэтым і абмяжуецца сёлетні «Чарнобыльскі шлях». Арганізатары пайшлі на ўмовы менскіх гарадзкіх уладаў, якія забаранілі шэсьце.

Напярэдадні ў сядзібе БНФ адбылося апошняе пасяджэньне аргкамітэту сёлетняга «Чарнобыльскага шляху» на чале зь Юр'ем Хадыкам. На ім вызначаны выступоўцы, іх будзе каля дзесяці, а таксама ўхвалены тры рэзалюцыі, якія прымуць удзельнікі мітынгу. Адзін з заяўнікаў акцыі адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі распавёў:

"Будуць прымацца рэзалюцыі:палітычная рэзалюцыя наконт палітвязьняў. Будзе прымацца рэзалюцыя супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі і сацыяльная рэзалюцыя, зьвязаная з тым, што адбіраюць льготы ў чарнобыльцаў, і непавагай дзяржавы да тых людзей, якія сваё здароўе і жыцьцё паклалі на ратаваньне ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС".

Рззалюцыю мітынгу па палітычных вязьнях падрыхтаваў Дзяніс Садоўскі. Чаму гэтая тэма прагучыць на «Чарнобыльскім шляху»?

асноўныя два пункты – гэта патрабаваньне спыніць перасьлед, спыніць рэпрэсіі. Другі – гэта патрабаваньне вызваліць палітвязьняў і спыніць крымінальныя справы
"Гэта адна з асноўных тэмаў асабліва перад судамі, якія зараз будуць па палітычных вязьнях. Таму, зразумела, што ў кантэксьце палітычнай сытуацыі мы гэту рэзалюцыю будзем прымаць. Яе асноўныя два пункты – гэта патрабаваньне спыніць перасьлед, спыніць рэпрэсіі. Другі – гэта патрабаваньне вызваліць палітвязьняў і спыніць крымінальныя справы".

Жадаючыя з асабістай ініцыятывы змогуць ускласьці кветкі да Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай. Паводле папярэдняй дамоўленасьці зь міліцыяй, удзельнікі акцыі могуць прынесьці бел-чырвона-белыя сьцягі, а таксама транспаранты. Тым ня менш, прадстаўнікі ўладаў папярэдзілі заяўнікаў пра адказнасьць. А заяўнікі папярэдзілі міліцыянтаў пра недапушчальнасьць правакацыяў.

Калі раней апазыцыя імкнулася абмінуць плошчу Бангалор, то цяпер вымушаная на ёй зьбірацца. Палітык Віктар Івашкевіч, які браў удзел у пасяджэньні аргкамітэту, заявіў, што арганізатары "ня маюць магчымасьці правесьці акцыю ў іншым месцы". Паводле Івашкевіча, у сёньняшняй сытуацыі, якая склалася ў краіне, лепш сабрацца на Бангалоры, чым зусім не сабрацца. А выбар менавіта такі.

"Альтэрнатыва – гэта проста няўдзельнічаць і крытыкаваць. Я лічу, што няўдзел, у сэнсе пасыўнае крытыканства горш, чым правядзеньне акцыі нават у абмежаваным фармаце".

Чым будзе адметны, на думку спадара Івашкевіча, сёлетні «Чарнобыльскі шлях»?

тэма палітвязьняў на сёньняшні дзень, у прынцыпе, ня менш важная для беларускага грамадзтва, чым тэма Чарнобыля
"Ён адметны тым, што акрамя праблемаў наступстваў чарнобыльскай катастрофы, у нас ёсьць праблемы палітычнай катастрофы, якая адбылася 19 сьнежня, а менавіта з масай палітвязьняў. І вось тэма палітвязьняў на сёньняшні дзень, у прынцыпе, ня менш важная для беларускага грамадзтва, чым тэма Чарнобыля. Усё гэта адбываецца на фоне эканамічнага крызысу, якога не было з 1990-91 года. Менавіта наяўнасьць палітычных вязьняў і магутны эканамічны крызыс – гэта тыя чыньнікі, якія адрозьніваюць сёньняшнюю сытуацыю ад мінулага ці пазамінулага году".

Менскія ўлады забаранілі шэсьце «Чарнобыльскі шлях», якое заяўнікі плянавалі пачаць ад пляцоўкі ля Акадэміі навук і завершыць ля Чарнобыльскай капліцы. У Менгарвыканкаме матывавалі гэтае рашэньне законам аб масавых мерапрыемствах, згодна зь якім акцыі ня могуць праходзіць бліжэй чым за 200 мэтраў ад уваходаў у мэтро і адміністрацыйных будынкаў. Менгарвыканкам дазволіў правесьці толькі мітынг у парку Дружбы народаў з 18 да 20 гадзін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG