Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валютных курсаў – шмат; валюты – няма


19 красавіка Нацбанк дазволіў рынкавы курс беларускага рубля пры зьдзелках паміж юрыдычнымі асобамі, але гэта ніяк не адбілася на сытуацыі з наяўнай валютай. Валюты ў абменных пунктах па-ранейшаму няма, і людзі моцна рызыкуюць, зьвязваючыся з валютчыкамі. Тым часам экспэрты мяркуюць, што фактычная легалізацыя множнасьці валютных курсаў прывядзе да небясьпечнай ланцуговай рэакцыі – рэзкага скачка інфляцыі, зьніжэньня тэмпаў росту валавога ўнутранага прадукту і, як вынік, зьніжэньня жыцьцёвага ўзроўню насельніцтва.

Чакаецца, што на наступным тыдні Беларуская валютна-фондавая біржа правядзе альтэрнатыўныя таргі, каб вызначыць "адэкватны" рынкавы курс абясцэненай (як ужо відавочна) нацыянальнай валюты.

Пры гэтым на рынак наяўнай валюты дадзеная мера не распаўсюджваецца, а гэта значыць, што ўлады фактычна ўзаконілі множнасьць курсаў. Дзяржаўныя фінансісты сьцьвярджаюць, што на тле ажыятажнага попыту на валюту вымушаны былі ўжываць захады рэгуляваньня на ўнутраным рынку, каб забясьпечыць захаваньне золатавалютных рэзэрваў. У прыватнасьці, Нацбанк спыніў продаж валюты для абменных пунктаў, а афіцыйны курс банкам нельга было перавышаць больш чым на 10%.

Дырэктар дасьледчага цэнтру "Інстытут прыватызацыі і мэнэджмэнту", кандыдат эканамічных навук Ігар Пеліпась гаворыць пра нэгатыўныя наступствы множнасьці валютных курсаў:

"Мы ўчора праводзілі спэцыяльны сэмінар у справе прагназаваньня разьвіцьця беларускай эканомікі на 2011—2012 гады. І якраз усе гэтыя пытаньні абмяркоўваліся – адносна множнасьці валютных курсаў і г.д. Наша пазыцыя агучана досыць выразна, досыць шмат прагнозаў адносна нэгатыўных наступстваў такой множнасьці курсаў, як такая мера разглядаецца з гледзішча ўплыву на гандлёвы балянс і г.д.".

На думку экспэртаў, аб'ектыўна біржавы курс рубля да даляра можа перавысіць афіцыйны на 20–30%, а гэта значыць, менавіта такую разьбежку будуць закладаць імпартэры ў кошт прадукцыі, якую яны будуць завозіць у Беларусь. Такім чынам, за дэкляраваную "стабільнасьць" давядзецца плаціць непасрэдным спажыўцам. А гэта непазьбежна прывядзе да росту інфляцыі. У прыватнасьці, аналітыкі цэнтру ІПМ прагназуюць: сёлета інфляцыя дасягне 17% пры прагнозных 7,5%. У сваю чаргу, рэкордная інфляцыя прычыніцца да зьніжэньня тэмпаў валавога ўнутранага прадукту — прырост у 3,5% супраць заплянаваных 9%. Такая ланцуговая рэакцыя стане лягічным вынікам зьніжэньня тэмпаў эканамічнага росту і, адпаведна, адрэзануе на ўзроўні жыцьця насельніцтва.

Дарэчы, многія адмыслоўцы лічаць, што прызнаньне неабходнасьці дэвальвацыі — найбольш страшная пэрспэктыва для беларускіх уладаў, хоць і непазьбежная. У такім выпадку ўжо нібыта дасягнутая мэта — 500-даляравы сярэдні заробак беларусаў – зноў становіцца недасяжнай. Між тым, перакананая экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледчага цэнтру BEROC Кацярына Барнукова, сытуацыя дайшла да такой мяжы, што нават у палітычным пляне ўладам дэвальвацыя ўжо выгадная:

"Я цудоўна разумею, што народ успрымае дэвальвацыю адмоўна. Але ня думаю, што нават у палітычным сэнсе сытуацыя, якая складаецца на гэты момант, больш выгадная. Нават калі чалавек і атрымлівае 500 даляраў, ён проста ня можа некаторыя тавары набыць, бо іх проста няма. Гэта раз, а па-другое, трэба ж улічваць тое, што немагчымасьць імпарту шмат у чым блякуе многія вытворчасьці. Пры такім раскладзе хутка ўжо пачнуць спыняцца некаторыя заводы, а людзей будуць вымушаныя звальняць ці прынамсі выпраўляць у бестэрміновыя адпачынкі. Таму і ў палітычным пляне такая сытуацыя зусім ня выгадная, а далей будзе станавіцца яшчэ больш нявыгаднай у параўнаньні з дэвальвацыяй. Вось і зьдзіўляе такое вострае нежаданьне ўладаў праводзіць дэвальвацыю, бо на дадзены момант яна ўжо мае сэнс як у палітычным пляне, так і ў эканамічным".

Тым часам Нацыянальны банк вызначыў курсы замежных валют на 21 красавіка — 3055 рублёў за 1 даляр. Найлепшыя курсы куплі і продажу даляра ў банках выраўняліся — 3135 рублёў. Але па такім курсе грошы можна толькі здаць; валютчыкі ж бяруць даляры ў людзей на значна лепшых умовах — па 3500—3600 рублёў. Праўда, рызыка стаць саўдзельнікам супрацьзаконных апэрацый гэтаксама высокая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG