Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чарнобыльскаму шляху” перакрылі шлях


Чарнобыльскі шлях-2010
Чарнобыльскі шлях-2010
20 красавіка пройдзе пасяджэньне аргкамітэту "Чарнобыльскага шляху", на якім будзе прынятае канчатковае рашэньне пра фармат акцыі. Менскія ўлады забаранілі шэсьце, якое павінна было пачацца ў Менску ад пляцоўкі ля Акадэміі навук, але дазволілі правесьці мітынг у парку Дружбы народаў.

Менскія ўлады не задаволілі просьбу заяўнікаў сабрацца на пляцоўцы каля Акадэміі навук і адтуль па вуліцы Сурганава накіравацца да Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай. Мітынг, які ў папярэднія гады праходзіў каля Чарнобыльскай капліцы, улады дазволілі правесьці каля канцэртнай пляцоўкі ў парку Дружбы народаў.

Нягледзячы на гэта, старшыня аргкамітэту "Чарнобыльскага шляху" Юры Хадыка сказаў у размове з карэспандэнтам "Свабоды", што аргкамітэт хутчэй за ўсё пагодзіцца з прапанаваным фарматам:
25-я гадавіна катастрофы на Чарнобыльскай АЭС – не нагода для сутыкненьняў зь міліцыяй
"Аргкамітэт папярэдне абмяркоўваў. Так, мы пагаджаемся, бо перад грамадзтвам стаяць вельмі важныя праблемы. Ня толькі пераадоленьне наступстваў, абарона людзей, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай аварыі, але і небясьпека новага будаўніцтва атамнай электрастанцыі, якая ня толькі ня вызваліць нас ад залежнасьці ад Расеі, але яшчэ больш уцягне ў гэтую залежнасьць. То бок, мы лічым, што 25-я гадавіна катастрофы на Чарнобыльскай АЭС – не нагода для сутыкненьняў зь міліцыяй, АМАПам, якія павінны лавіць злачынцаў".

Юры Хадыка сказаў, што калі сёньня пойдзе на сустрэчу зь міліцэйскім начальствам Менску, то будзе дамагацца, каб міліцыянты былі толькі ў форме, "каб там не было чорнашапачнікаў, якія правакуюць народ на розныя непатрэбныя рэчы", каб не было мэталяшукальнікаў:

"Мы і так даём расьпіску, што нясём усю адказнасьць за бясьпеку, навошта нам яшчэ мэталяшукальнікі. Навошта нам гэта пародыя, што нехта пра нешта клапоціцца".

Паводле Юрыя Хадыкі, улады не далі нармальнага тлумачэньня, чаму яны не дазволілі сабрацца ля Акадэміі навук і прайсьці шэсьцем да капліцы. Яны спаслаліся на тое, што Акадэмія навук ня можа быць месцам масавых акцый, бо знаходзіцца бліжэй, чым 200 мэтраў ад мэтро". Раней было можна, а цяпер нельга, адзначае спадар Хадыка:

"Адбываецца прыклад тактыкі камуністычных часоў, якая мела назву "салямі". Гэта паступовае адразаньне ад каўбасы кавалачкаў, якое вядзе да таго, што ад каўбасы нічога не застаецца".
Калі людзей будзе многа, то можна ісьці і рабіць шэсьце
Адзін з заяўнікаў акцыі, кіраўнік незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч мяркуе, што сёньня аргкамітэт супольна вызначыцца адносна фармату "Чарнобыльскага шляху". Ён назваў "неразумным" рашэньне ўладаў, якая не дазволіла сабрацца ля Чарнобыльскай капліцы:

"Шэсьцем можна прыцягнуць да ўдзелу больш людзей, і ўлады, відавочна, палохаюцца сёньня любога згуртаваньня людзей. Сёньня ўлады перажываюць ня самы лепшы час. Я думаю, усё будзе залежаць ад таго, колькі зьбярэцца людзей. Бо калі будзе многа, то можна ісьці і рабіць шэсьце".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG