Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рызыка раку для дзяцей Чарнобыля


Жыхары Беларусі, якія не дасягнулі паўналецьця на момант катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, маюць у 15 разоў большую рызыку захварэць на рак шчытападобнай залозы.

Пра гэта паведаміў сёньня загадчык катэдры радыяцыйнай гігіены і эпідэміялёгіі Міжнароднага унівэрсытэта імя Сахарава прафэсар Аляксей Акіянаў на канфэрэнцыі, прысьвечанай 25-годзьдзю Чарнобыльскай катастрофы.

Ён падкрэсьліў, што сувязь захворваньня на рак шчытападобнай залозы і радыяцыйнага апраменьваньня ў выніку катастрофы на ЧАЭС навукова даказаная. Колькасьць захворваньняў на рак шчытападобнай залозы ў дзяцей у параўнаньні з дачарнобыльскім пэрыядам павялічылася ў 200 разоў.

На думку Акіянава, на ўсплёск захворваньняў шчытападобнай залозы магло паўплываць тое, што ў Беларусі мала прыроднага ёду. У дачарнобыльскі пэрыяд не праводзілася ёдавая прафіляктыка, і насельніцтва мела недахоп ёду ў арганізьме. Пры гэтым шчытападобная жалеза зробленая так, што паглынае любы ёд, які ёсьць, таму назапашваньне радыеактыўнага ёду было значным. Ёдны ўдар, адзначыў навуковец, ахапіў усё насельніцтва Беларусі. Рост захворваньня ракам у Беларусі пачаўся праз чатыры гады, а ва Украіне і Расіі на два гады пазьней, бо там была менш доза апраменьваньня.

Акіянаў сказаў, што вывучаецца сувязь паміж радыяцыйным заражэньнем і захворваньнем іншымі формамі раку. Напрыклад, мэдыкі высьветлілі, што часьцей хварэюць на рак малочнай залозы ў тых раёнах Беларусі, дзе вышэй ўзроўні радыяцыі. У Беларусі захворваньне на рак малочнай залозы за апошнія 10 гадоў павялічылася ў 1,5 раза. Пры гэтым захворваньне ў Гомельскай вобласьці павялічылася з 1970 па 2004 год у 3,7 раза.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG