Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску маліліся за Дуніна-Марцінкевіча <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У касьцёле Сьвятога Роха ў Менску адбылася імша, прысьвечаная 200-годзьдзю з дня нараджэньня Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. За супакой душы клясыка беларускай літаратуры разам зь менскімі вернікамі маліліся таксама сваякі Дуніна-Марцінкевіча з Польшчы.


Менскі залатагорскі касьцёл быў абраны для імшы невыпадкова. Дунін-Марцінкевіч быў тут сталым парафіянінам, тут ён хрысьціў усіх сваіх дзяцей. Ксёндз Юры Касабуцкі, які адпраўляў імшу, нагадаў прысутным пра жыцьцёвы і творчы шлях Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і сказаў:

“Сьвятой памяці, сьветлай памяці Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч няхай дапамагае адтуль, зь нябёсаў сваёй малітвай, сваім заступніцтвам людзям працягваць тую справу, якую ён пачаў. Каб усё гэта стала сапраўднай, вялікай, божай справай, якая праславіць наш народ”.

Гэтымі днямі ў Беларусі знаходзяцца сваякі Дуніна-Марцінкевіча з Польшчы. Станіслаў Плаўскі, Агнешка і Тадэвуш Крыжанскія таксама прыйшлі памаліцца за свайго слыннага продка. Агнешка Крыжанская, наймалодшая прадстаўніца старадаўняга роду, кажа:

“Я тут упершыню. Вельмі цікава будзе пабываць у Люцінцы, бо мне пра гэтую мясьціну шмат апавядаў мой тата. Таму вельмі хачу пабачыць. Вельмі задаволеная, што сюды прыехала, вельмі цешуся з таго, што тут вельмі шануюць нашага продка”.

Удзел у набажэнстве з нагоды юбілею пісьменьніка, публіцыста і драматурга ўзялі таксама многія парафіяне і іншыя людзі, неабыякавыя да беларускай гісторыі і культуры. Вось што яны казалі ў інтэрвію Радыё Свабода:

Карэспандэнтка: “Сёньня вы тут невыпадкова, канечне ж?”

Спадарыня: “Не, канечне ж. Гэта нашае сьвята, беларусаў, якія сваё вяртаюць у жыцьцё”.

Спадарыня: “Усё так прыгожа, так цудоўна”.

Юнак: “Я адмыслова прыйшоў на службу менавіта па Дуніну-Марцінкевічу. Я чытаў ягоныя творы, хацеў пабачыць ягоных сваякоў і памаліцца за яго”.

Язэп Янушкевіч — адзіны з сяброў дзяржаўнага аргкамітэту дзеля сьвяткаваньня 200-годзьдзя Дуніна-Марцінкевіча, які таксама ўзяў удзел у імшы. Аб праграме юбілейных імпрэзаў ён паведаміў наступнае:

“У нас былі вялікія намеры і пляны. Гэтыя пляны да канца не рэалізаваныя. Але сёлета ў Менску будзе помнік Дуніну-Марцінкевічу, а на наступны год — музэй у Люцінцы”.

На заканчэньне імшы ў касьцёле Сьвятога Роха слова ізноў узяў ксёндз Юры Касабуцкі:

“Калі мы зараз удзельнічаем у сьвятой імшы і молімся за Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, то было б незразумелым, каб мы не знайшлі ягоных твораў і не пачыталі бы. І няхай ва ўсім гэтым нам дапамагае добры Бог”.

Сёньня і заўтра ў тэатры імя Янкі Купалы пройдзе спэктакль “Ідылія” паводле аднайменнай п’есы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, а таксама адбудзецца ўрачыстая вечарына, прысьвечаныя 200-годзьдзю пісьменьніка і драматурга.

На імшы ў касьцёле Сьвятога Роха.

На імшы: Язэп Янушкевіч, сваякі Дуніна-Марцінкевіча: Тадэвуш Крыжанскі, Агнешка Крыжанская, Станіслаў Плаўскі.

Сваякі Дуніна-Марцінкевіча з айцом Леанідам Акаловічам каля касьцёлу Сьвятога Роха.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG