Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дажыць бы да году, калі заробак стане 1000 эўра”


31 студзеня кіраўнік Нацбанку Беларусі Пётар Пракаповіч заявіў, што ў 2015 годзе сярэдні заробак беларусаў складзе 1000 эўра. Ці верыце вы ў гэта?


На пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Спадар: “Ну, калі я стану вялікім начальнікам, 1000 эўра заробак у мяне будзе. У простых рабочых — наўрад ці”.

Спадарыня: “Цяпер заробкі малыя. Адкуль яны стануць вялікімі?!”

Спадар: “Дажыць бы да таго году, калі заробак стане 1000 эўра. Пакуль у мяне заробак крыху большы за сто даляраў”.

Спадарыня: “На мой погляд, гэта нерэальная лічба. Прыкладна 400 эўра, гэта больш-менш рэальная лічба”.

Спадар: “На сярэднія паказчыкі я ніколі не зьвяртаю ўвагі, таму ня ведаю, што й казаць. Хаця ў дзяржаве існуе такая статыстыка”.

Спадарыня: “Хацелася б верыць у такі заробак. А там час пакажа, як яно будзе”.

Спадар: “Тысяча эўра наўрад ці будзе, а да пяцісот дацягнуць могуць”.

Спадар: “Справа ня ў тысячы эўра. Пад тысячу падгоняць усе выдаткі — кошт жытла, самога жыцьця ўзрасьце — і будзе тысяча. Ня ў тысячы справа, а ў тым, колькі мы будзем траціць”.

Спадарыня: “Ня веру. Ведаючы цяперашнюю сытуацыю, цяжка сказаць, што будзе такі заробак”.

Спадар: “Дзякуй нашаму Бацьку, ён, калі захоча, — усё зробіць”.

Спадар: “Я ня бачу рэальнага росту эканомікі, каб такі быў заробак”.

Спадарыня: “Сумняюся, каб быў такі заробак. Мой заробак не падвышалі ўжо гады тры”.

Спадар: “Тут можна па-рознаму меркаваць — у залежнасьці ад таго, якія будуць цэны”.

Спадарыня: “Вядома ж, не — пра што вы кажаце?! Я атрымліваю цяпер 250 тысяч беларускіх рублёў. Якія там тысячу эўра! Гэта проста сьмешна, гэта проста нашых людзей купляюць”.

Спадар: “Ня ведаю, што павінна адбыцца, каб у нас быў такі заробак”.

Спадарыня: “Рэальна гэта проста немагчыма. Дзе такія заробкі па 1000 эўра могуць быць, я ня ведаю. У нашым горадзе рабочыя атрымліваюць ад 500 да 700 беларускіх тысяч”.

Спадарыня: “Ня будзе гэтага. Цяпер, напрыклад, кажуць, што мэдработнікі атрымліваюць у сярэднім 500 даляраў. Насамрэч, у лепшым выпадку яны 370 атрымліваюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG