Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч сустрэўся з магілёўцамі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Былы палітвязень, лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч учора сустракаўся з магілёўцамі.


У прыватны грамадзкі цэнтар пабачыцца са Зьмітром прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек – пераважала моладзь. Бальшыня тых, хто прыйшоў на сустрэчу, пазнаёміліся з Дашкевічам празь ліставаньне, калі ён быў у зьняволеньні.

У Магілёве Зьміцер Дашкевіч прабыў амаль чатыры гадзіны.

Свой побыт у Магілёве Зьміцер пачаў з экскурсіі. Старшыня гарадзкой суполкі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў паказаў госьцю гістарычныя і архітэктурныя славутасьці Магілёва. Экскурсія доўжылася амаль дзьве гадзіны.


Восеньню 2006 году Магілёў быў апошнім горадам, які наведаў Зьміцер Дашкевіч. Потым быў арышт і амаль паўтара году няволі. Зь якімі думкамі прыехаў Зьміцер у Магілёў зноў?

“З думкамі вельмі цёплымі, таму што, ад’яжджаючы адсюль перад арыштам, я тут пакідаў шмат сваіх сяброў: Артура Фінькевіча, які тады яшчэ быў на “хіміі”, маладафронтаўцаў, якія вельмі добра мяне падтрымлівалі. Таму я і пакідаў з такімі цёплымі ўражаньнямі, і ехаў сюды назад з такімі радаснымі. Зь вялікай цікавасьцю, з задавальненьнем пахадзіў па гістарычных мясьцінах Магілёва, шмат чаго новага адкрыў тут для сябе новага”, – кажа Зьміцер Дашкевіч.

На сустрэчу прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Зьміцер зьвярнуўся да грамады найперш са словамі падзякі:

“Мэта майго прыезду сюды – сказаць свой шчыры дзякуй усім, хто падтрымліваў мяне ў гэтым выпрабаваньні, падтрымліваў нашу арганізацыю. Я перакананы, што салідарнасьць наша, наша аднадумства – гэта галоўная зброя ў барацьбе зь беззаконьнем, якое творыцца на нашай зямлі”.

Пытаньняў госьцю было шмат. Адно зь іх – што дапамагала нявольніку пераадолець нялёгкія выпрабаваньні? Зьміцер адказаў, што ў няволі ён найперш жывіўся божаю падтрымкаю – яна яму дапамагала падчас судоў і допытаў.

Было й пытаньне, ці зьмянілася Беларусь за час, пакуль Зьміцер знаходзіўся за кратамі.

“Беззаконьне, якое творыцца ў нашай краіне, з кожным днём змушае людзей задумвацца над тым, што варта нешта мяняць. Таму я перакананы, што за шаснаццаць месяцаў Беларусь зьмянілася. Нам трэба разумець перамены з такога гледзішча як перамены ўнутранага, духовага стану людзей”, – адказаў Зьміцер.

Раіса Катлярова пісала Зьмітру кожны тыдзень

Сустрэча Зьмітра Дашкевіча з магілёўцамі доўжылася паўтары гадзіны. Якія ўражаньні яна пакінула магілёўцам?

Жанчына сталага веку Вольга Васілеўна не была знаёмая са Зьмітром, але шмат пра яго чула і захацела яго пабачыць:

“Такі хлопец сымпатычны, такая барацьба ягоная справядлівая. У мяне настрой палепшаў, зьявіўся спадзеў, што калі-небудзь гэтае беззаконьне скончыцца, у якім мы жывём”.

Грамадзкі актывіст Ігар Шары задаў Зьмітру пытаньне пра тое, што трэба рабіць з тымі, хто сёньня сьвядома парушае закон, і адказам застаўся задаволены:

“Вельмі мяне ўразіла цьвёрдая і такая, відаць, сталая пазыцыя наконт таго, што гэтым людзям па-хрысьціянску варта проста дараваць. Адзінае, ён адзначыў, што, тым ня менш, людзі на такіх пасадах не павінны працаваць, прымаючы такія рашэньні”.

Маладую спадарыню Вольгу ўразіла іншае:

“Нягледзячы на тое, што ён лідэр арганізацыі апазыцыйнай, якая славіцца сваёй актыўнасьцю, іншым разам сваёй нават агрэсіўнасьцю, але, пагаварыўшы са Зьмітром, я зразумела, што ён чалавек адкрыты. У яго вочы зьзяюць дабрынёй. Дужа прыемны малады чалавек”.

Зьміцер Дашкевіч таксама застаўся задаволены сустрэчай з магілёўцамі:

“Я ўражаны той колькасьцю людзей, той цеплынёю, падтрымкаю. Вось я ўчора быў у Салігорску, і таксама мяне ўражваюць гэтыя шчырыя вочы, адданыя вочы. Я проста разумею, што з такімі людзьмі Беларусь вельмі хутка пераменіцца”.


Тыдзень таму, 23 студзеня, Зьмітра Дашкевіча за два месяцы да заканчэньня тэрміну пакараньня вызвалілі са шклоўскай турмы №17. У няволі актывіст прабыў шаснаццаць месяцаў. Яго пакаралі паўтарагадовым зьняволеньнем за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Пад вартай Дашкевіч знаходзіўся ад 15 верасьня 2006 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG