Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зюзя Паазерскі



Непадалёк ад гораду Паставы, ва ўрочышчы Азяркі, сярод прыгожага сасновага бору стаяць карпусы былога піянэрскага лягеру, упрыгожаныя шматлікімі гірляндамі. Сям-там сярод дрэваў пабудаваныя маленькія хаткі зь лямпачкамі ўсярэдзіне. Пасярод вялікай паляны — высачэзная ўпрыгожаная калядная елка. Як вынікае з указальнікаў, гэта сядзіба старажытнага беларускага бога марозу Зюзі Паазерскага.

Але пакуль пан Зюзя са сьвітай не зьявіўся, нешматлікія турысты грэюцца каля вогнішча, п’юць смачную гарбату з сапраўднага самавару. А лес напоўнілі гукі расейскай навагодняй папсы. Асабліва кранальна тут гучыць куплет “ёлкі-палкі, дзяўчонкі-зажыгалкі, дружна празднует народ наш расійскі новы год”.

Як растлумачылі мне буфэтчыцы, Зюзя затрымліваецца ў Менску на тэлездымках. І я з радасьцю адлучыўся на гадзінку, уцёк ад “расійскага новага году” ў блізкія Паставы. Да тых, хто заўжды сустракаў Новы год па беларускім часе. Да Алесі і Антона Фурсаў, вэтэранаў нацыянальнага руху, колішніх сяброў легендарнага Саюзу Беларускіх Патрыётаў, былых вязьняў ГУЛагу.





Карэспандэнт: “Зь якім настроем сустракаеце Новы год?”

Антон: “Дрэнны настрой. Хварэем. Нам ужо за 80. І наагул. Мары нашы не збываюцца. Цяжка пераносім”.

Алеся: “Але ж спадзяемся. Можа, нашы дзеці, унукі дачакаюцца. Надзея не пакідае”.

Карэспандэнт: “А ці знаходзіце ў чым-небудзь нагоду для аптымізму?”

Алеся: “Слухаем “Свабоду”. Гэта адзіная для нас радасьць”.

Карэспандэнт: “А ў вас няма крыўды на родны народ? Дзеля якога столькі было пакладзена сіл?”

Алеся: “На народ? Ёсьць. Не заўсёды. Але часамі бывае. Пасыўны. Асабліва ў той час, калі мы яшчэ дзецьмі былі. Мы ж адзінкі былі. Хто гэта ўсё разумеў і ня мог зьмірыцца з гэтым. Мы рабілі так, як падказвала нам сумленьне. А што да другіх, няхай яны самі за сябе...”

Карэспандэнт: “А што раздражняе ў сёньняшнім жыцьці?”

Антон: “Апазыцыя: лічы, яе няма. Яны ня тое робяць, мне здаецца. Трэба было ўсе сілы прыкласьці, каб захаваць мову. Калі няма мовы, для каго яны намагаюцца? Я ня памятаю, каб якая акцыя была за мову. Эканамічныя пытаньні. Ня так ужо дрэнна людзі жывуць. Бяз мовы няма народу”.

Алеся: “Мы ж менавіта за мову пацярпелі перш за ўсё”.

Антон: “Пры акупацыі ж мы вучыліся па-беларуску. Усе школы былі беларускія. А тут прыйшлі свае — і давай. Усё наадварот. Цярпеньня не хапіла. Мы ж ня думалі — пасадзяць, не пасадзяць. Гуртаваліся паміж сабой. Мы ўжо гатовыя былі, сьвядома выхаваныя”.

Карэспандэнт: “А што б вы пажадалі сёньняшнім маладым людзям, таксама нешматлікім, я маю на ўвазе маладафронтаўцаў? Якіх не на Калыму. Якія сядзяць па Воршах і Мазырах?”

Антон: “Першым чынам я хачу падзякаваць ім. І хачу пажадаць большай ахвярнасьці. Ім, бывае, пяць сутак дадуць і пятнаццаць. А мы мелі дваццаць пяць. Год! У нас ня было ў камэры тэлебачаньня, газэт. А зь іншага боку паглядзець... Нашы дзеці... А дзе ж бацькі? Але ўсё роўна. Добра хлопцаў такіх мець. У нас надзея ёсьць, што наша справа будзе працягнута”.

Алеся: “Іх ніколі не забудуць. Як і нас памятаюць. Дарагія нашы сябры, дзеці нашы. Трымайцеся. Мы перамаглі. Мы былі асуджаныя на 25 гадоў. Я па сёньняшні дзень жыву. Будзеце і вы жыць у вольнай добрай Беларусі”.

Ня дзіўна, што пасьля разгрому СБП у 1947 годзе горад Паставы быў пад асаблівай апекай савецкай жандармэрыі. І нават нявінная згадка ў перадачы радыё “Свабода” магла стварыць чалавеку сур’ёзныя праблемы. Мой наступны суразмоўца, 50-гадовы паэт Алесь Касьцень, распавядае пра іншыя часы — эпоху разьвітага сацыялізму.





Алесь: “Я ў 1978 годзе перасьледаваўся КДБ за нацыяналізм. У 1978 годзе часопіс “Беларусь” надрукаваў некалькі вершаў. А “Свабода” пахваліла гэтыя вершы і працытавала іх. І там знайшлося нешта для іх антысавецкае. Потым у мяне памёр сын, у 78-м. І я паставіў помнік і па-беларуску напісаў. Гэта яны злучылі. Выклікаюць мяне. А тады ў Польшчы “Салідарнасьць” была. Хто на мне данос напісаў? Я ня ведаю. Але мяне далучылі да “Салідарнасьці”. Я ім на гэтых допытах... Калі я беларускі нацыяналіст, пры чым тут “Салідарнасьць” польская? “Салідарнасьць” мне ўвалілі і нацыяналізм беларускі”.

Карэспандэнт: “А ў вас была крыўда на гэтую радыёстанцыю?”

Алесь: “Абсалютна не. Я нічога. Мяне сустракае ў горадзе мой настаўнік. Кажа: “Слухай, твае вершы чыталі на радыёстанцыі “Свабода”. Ну, прачыталі. Я ж туды не пасылаў. Яны ўзялі з афіцыйнага часопісу, прачыталі”.

Карэспандэнт: “А гэта была лірыка ці сатыра?”

Алесь: “Лірыка абсалютная. Але нешта яны там заўважылі ня тое”.

Навагодні настрой Алеся Касьценя найлепш перадае ягоны сьвежы верш.

Алесь:

“Адмаўляю табе ў існаваньні,
назаўжды абамлелы народ.
Ты забыўся на славу дазваньня,
і на годнасьць заўсёдны няўрод.
Пераходзь у палякі ці росы.
Аддавай ім гаротнае “га”.
Эмігрант на сваіх жа на росных
і гарачых яшчэ берагах.
Ты ім лёкаем будзеш надзейным.
Аддасі і дзяцей ім сваіх.
І наступныя іх пакаленьні
“бульбаша” не адрозьняць на слых.
Так я страціў ранейшую веру.
Адраджэньне — ня наша сьцязя.
Не хапаюся сёньня аберуч
за той меч, што ня мае ляза.
Прызнаю непазьбежнасьць. Прымаю
безнайменьне народу свайго.
Разам зь ім, вінаваты, канаю.
І зямных праклінаю багоў”.





Калі я вярнуўся ў сядзібу Зюзі Паазерскага, сьвята было ў самым разгары. Перад уездам у сядзібу стаяла некалькі аўтобусаў з розных куткоў краіны. Самае прыемнае было ў тым, што я на які час патрапіў у Беларусь. У тую самую, пра якую марылі Фурсы ў далёкія 40-я. Ня было ніякай папсы. Навокал гучала беларуская мова. І ня толькі з вуснаў актораў. Шматлікая публіка, якая напоўніла лес, таксама падхоплівала моўную гульню. Паслухайце фрагмэнт.

Акторка: “Як рабілі раней дзяды, так будзем клікаць Зюзю і мы. Трэба табе лыжку кашы ўзяць і, кідаючы праз плячо, сказаць: “Зюзя, мароз, хадзі куцьцю есьці!”

Дзеці: “Зюзя, мароз, хадзі куцьцю есьці!”

Акторка: “Глядзі! Сьпяшаюцца сюды тутэйшыя гаспадары. Яго вялікасьць, валадар гарадоў дзюжых і зімовай сьцюжы Зюзя Паазерскі з прыгажуняй чараўніцай, Завеяй-сястрыцай.

Зюзя:

“На сьвеце многа ёсьць турбот
і спраў, мае сябры.
Хай прынясе вам Новы год
найлепшыя дары.
Каб вам сьвяточны той настрой
памог адчуць глыбей
цяпло Айчыны дарагой,
якой няма мілей”.






Пасьля быў карагод вакол яліны, падчас якога госьці прадэманстравалі гарачы беларускі тэмпэрамэнт. А я тым часам турбаваў людзей неразумнымі пытаньнямі.

Карэспандэнт: “Вы адкуль прыехалі?”

Жанчына: “З Барысава. Праз турыстычную фірму”.

Карэспандэнт: “Спадабалася вам? Ці ўсё разумелі?”

Жанчына: “Ну што мы, не беларусы? Не зразумеем беларускую мову? Як вы так можаце гаварыць? Дзеці ведаюць беларускую мову. Усё знаёма”.





Ягор Шушкевіч, дырэктар Цэнтру турыстычных паслуг, дзякуючы якому мы маем свайго Санта Клаўса, аказаўся маладым прыемным спадаром. Ён скончыў Беларускі Ўнівэрсытэт культуры. Але пайшоў працаваць у турызм. І атрымалася вельмі ўдалае спалучэньне турыстычнага мэнэджэра і культурнага падзьвіжніка.

Карэспандэнт: “Чыя гэта ідэя?”

Ягор: “Гэта была мая ідэя першапачаткова. Мяне заўсёды цікавіў такі момант. У нас ёсьць афіцыйны Дзед Мароз у Белавескай пушчы. Мяне цікавіла, ці ёсьць у нас, у беларусаў нейкі такі дзядок зімовы. Мы пачалі капаць фальклёр, міталёгію беларускую. І ўрэшце мы знайшлі. Спадабалася нам імя Зюзя. Бог з паганскіх часоў. Ужо трэці сэзон, як мы запрашаем гасьцей да Зюзі Паазерскага”.

Карэспандэнт: “Прадпрыемства атрымалася пасьпяховае?”

Ягор: “Лічу, што так. Нечакана для мяне ў першы ж год атрымаўся вялікі рэзананс. Прыехалі да нас госьці зь Менску, зь Віцебску, з Полацку. Ну і мясцовыя, канечне. Сёлета мы прымалі гасьцей з Кітаю, з Расеі. Кітайцы вельмі мерзнуць. Мы іх адразу да карагоду. Пашыраемся. Мы гэтае відовішча робім на беларускай мове. Гэта прынцыпова. Таму што беларусы маюць сваю мову, сваю міталёгію, свой фальклёр. Усё ёсьць сваё. Мы гэта павінны выцягнуць, дастаць і паказаць.

Аказваецца, калі ёсьць жаданьне, можна рабіць Беларусь тут і сёньня. І ні ў кога гэта ня будзе выклікаць недарэчных пытаньняў. І грамадзяне РБ хоць на гадзіну адчуюць сябе беларусамі ня толькі паводле пашпартных зьвестак. А дзеці атрымаюць зарад сапраўднага патрыятызму. А яшчэ мне здаецца, што зусім не выпадкова Зюзя зьявіўся менавіта ў гэтым краі. Дзе беларушчына абудзілася з часоў віленскай “Нашай Нівы”. Дзе ў змаганьні за мову не баяліся ісьці супраць Сталіна. Нішто не зьнікае бязь сьледу. І сьлед калядных вечароў у Зюзі Паазерскага яшчэ адгукнецца ў нашым часе...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG