«У моладзі завышаныя прэтэнзіі: хочуць атрымоўваць шмат»
Найцяжэй знайсьці працу маладым людзям, якія наагул ня маюць спэцыяльнасьці – да прыкладу, выпускнікам школ. Праўда, у іх ёсьць шанцы зьвярнуцца ў службу занятасьці і атрымаць бясплатна (і нават са стыпэндыяй) рабочыя спэцыяльнасьці, запатрабаваныя на рынку працы. Але ў некаторай часткі выпускнікоў школ, якім не пашанцавала паступіць, даволі вялікія амбіцыі, кажа супрацоўніца Менскага гарадзкога цэнтру занятасьці:
«У нашай моладзі ў асноўным такія завышаныя прэтэнзіі: хочуць атрымоўваць шмат, але ж яны ніякай цікавасьці для наймальніка не ўяўляюць. Калі гэта непаўналетнія – гэта ж скарочаны працоўны дзень, ільготы. Наймальнікі ў іх не зацікаўленыя. Таму тут ёсьць праблемы. Мы ж арыентуем моладзь на атрыманьне прафэсій, якія гарантуюць працаўладкаваньне. Зараз у нас запатрабаванасьць у будаўніках, станочніках, гандлёвых работніках».
У рэгіёнах наагул пэрспэктываў у моладзі няма
Калі ў Менску яшчэ ёсьць магчымасьць пайсьці простым рабочым, уладкавацца кур'ерам ці прадаўцом на рынак, то ў рэгіёнах амаль ніякіх пэрспэктываў, кажа беспрацоўны, колішні фэрмэр з Паставаў Міхась Гіль:
“Напрыклад, ёсьць у нас завод радыёэлектронікі – раней было каля 2 тысяч чалавек, засталося каля 300 засталося – такія скарачэньні. Стабільных заказаў няма, тыдзень працуюць, тыдзень не. А зараз кансэрвавы завод на ніз пайшоў, ільнозавод таксама слаба працуе. Моладзь зьяжджае ў сталіцу, Літва побач -- на будоўлі ў Літву сталі зьяжджаць. У Расею на заробкі езьдзілі шмат, зараз болей пад Менск сталі езьдзіць шабашнікі, моладзі шмат сярод іх. Гандлююць, хто застаецца, мяжа побач.”
БРСМ не дапаможа
Створаны на ініцыятывы дзяржавы Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі ня мае адмысловых праграм занятасьці моладзі. Гаворыць начальнік аддзелу ідэалягічнай працы ЦК БРСМ Іван Сінічкін:
«Цэнтральны камітэт больш займаецца сэзоннай занятасьцю альбо пазавучэбнай працай моладзі, якая вучыцца і ў вольны час можа папрацаваць».
Карэспандэнтка: «Але канкрэтных праграм па працаўладкаваньні ў вас няма?»
«Канкрэтная праграма – студэнцкія атрады. Чым вам не канкрэтная праграма?»
Так, але будатрады – гэта падпрацоўка студэнтаў падчас летніх вакацыяў, а хто дапаможа выпускнікам школ, маладым спэцыялістам?
“Выратаваньне тапельцаў – справа рук саміх тапельцаў”
Іна Дзячык летась скончыла Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці “філёляг беларускай і польскай мовы”. Вучылася выдатна, але на платным аддзяленьні, таму пад абавязковае разьмеркаваньне ня трапіла. Шукала працу сама:
“Мой досьвед паказвае, што толькі на сябе можна разьлічваць. Калі я сама шукала працу, было вельмі цяжка знайсьці. Пасьля не па спэцыяльнасьці знайшла працу сакратара. Зараз працую ў Цэнтры дзяцей і моладзі мэтадыстам. Гэта зусім не мая спэцыялізацыя”.
Карэспандэнтка: “А ў Менску па спэцыяльнасьці настаўнікам уладкавацца цяжка?”
“Я б сказала, што немагчыма. Таму што ў школах значна скарацілі гадзіны, не хапае нават сталым выкладчыкам”.
Аляксей Лукашэвіч доўгі час ня мог знайсьці працу ў родных Ашмянах. Хлопец распавядае сваю гісторыю.
“Я ў Беларусі скончыў Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт, потым вучыўся ў Польшчы. Па спэцыяльнасьці я -- юрыст. На маю думку, усё ў руках самога чалавека. Дзяржава можа дапамагчы чалавеку толькі разьмеркавацца, дый тое, не туды, куды ён хацеў бы патрапіць. А ўсё астатняе ў руках самой моладзі, трэба спадзявацца толькі на самога сябе. Я працую “фры-лансэрам” то тут, то там не па спэцыяльнасьці. Чакаць дапамогі ад дзяржавы не даводзіцца, нічога не дачакаесься”.