Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Сасноў: «Рэальна беспрацоўных у 4-5 разоў больш»


21 студзеня адбылося паседжаньне Прызэдыюму Савета Міністраў, на якім разглядалася праграма садзеяньня занятасьці насельніцтва. Чаму ў Беларусі нагэтульні нізкі афіцыйны ўзровень беспрацоўя? Як можна рэгуляваць попыт і прапанову на рынку працы? На гэтыя пытаньні Віталя Цыганкова адказвае былы міністар працы Аляксандар Сасноў


Цыганкоў: “Афіцыйна беспрацоўе ў Беларусі вельмі малое – каля 40 тысячаў. Але разам з тым, каля мільёну здаровых людзей працаздольнага ўзросту не занятыя ў народнай гаспадарцы, але і ня лічацца беспрацоўнымі. Дык як назваць гэтых людзей?»

Сасноў: “Улады лічаць беспрацоўнымі толькі тых, хто рэгіструецца ў службе занятасьці. Таму ў іх атрымліваецца толькі 1 працэнт беспрацоўных. На самой справе іх разы ў 4-5 больш. І калі б прымяняліся міжнародна прызнаныя мэтады ўліку беспрацоўных, іх было б у 5 разоў больш.

Той мільён, пра які вы казалі, можна падзяліць на некалькі частак. Першая -- людзі, якія не працуюць і не шукаюць працу. Яны знайшлі нейкія іншыя крыніцы існаваньня і праца ім не патрэбная. Гэта не беспрацоўныя, іх нельга так называць.

Ёсьць людзі, якія працуюць не ў Беларусі, таму для беларускіх статыстычных органаў яны адсутнічаюць.

Ёсьць яшчэ частка людзей, якія жывуць і працуюць у Беларусі, але іхні працадаўца ў іншай краіне. Таму яны таксама выпадаюць з кола тых, хто можа быць пастаўлены на ўлік як беспрацоўны.

І нарэшце, ёсьць сапраўдныя беспрацоўныя. Якія проста ня хочуць станавіцца на ўлік...”

Цыганкоў: “..Відаць, найперш таму, што дапамога па беспрацоўю вельмі малая і ад беспрацоўных патрабуюць для яе атрыманьня выканаць нейкія грамадзка карысныя працы?..”

Сасноў: “Так, быў такі Ўказ прэзыдэнта яшчэ недзе ў 1996-97 гадах, які ўводзіў прымусовую працу. А гэта парушае, дарэчы, канвэнцыю Міжнароднай арганізацыі працы”.

Цыганкоў: “Як можа змагацца з дысбалянсам попыту і прапановы? У адным месцы адчуваецца недахоп працоўных рук, у іншым рэгіёне – штам беспрацоўных, якія ня могуць знайсьці работу?”

Сасноў: “Тут ня варта “змагацца”, а трэба дапамагаць, прафэсійна арыентаваць, стымуляваць перапрафіляваньне. Іншага не прыдумалі дагэтуль. Хіба што весьці пад канвоем.

Нашыя ж улады ставяцца да беспрацоўных не як да людзей, якія пацярпелі ад няўдалай эканамічнай палітыкі, а фактычна як да крымінальных элемэнтаў. Відавочна, што дзяржаўная служба занятасьці працуе не так, як павінна”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG