Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Вінярскі павінен "даседзець" некалькі гадзінаў


З турмы на вуліцы Акрэсьціна на волю выйшлі моладзевы сябра партыі БНФ Антон Каліноўскі і актывіст руху “Джынс за свабоду” Максім Вінярскі. Іх арыштавалі 16 студзеня на 10 сутак.


Антона затрымалі ў судзе Цэнтральнага раёну, калі ён прыйшоў на суд падтрымаць сваіх сяброў. Максіма затрымалі ўвечары на катку каля Палаца спорту, дзе моладзевыя актывісты зьбіраліся правесьці акцыю салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі. Міліцыянты абвінавацілі хлопцаў у дробным хуліганстве, нібыта ў міліцыі тыя нецэнзурна лаяліся. У турме на вуліцы Акрэсьціна застаюцца больш за два з паловай дзясяткі апазыцыянэраў.

Актывіста моладзевага руху “Джынс за свабоду” Максіма Вінярскага, паводле судовай пастановы, мусілі адпусьціць а 8-й вечара. Супрацоўнікі спэцпрыёмніка прыйшлі за ім а 10 раніцы. Яны загадалі сабраць рэчы і выйсьці на выхад. У калідоры Максіму патлумачылі, чаму адпускаюць раней – у яго памёр бацька.

Супрацоўнікі турмы паведамілі Вінярскаму, што ён павінен прыйсьці і “даседзець” тыя 10 гадзінаў, якія не адбыў да канца тэрміну пакараньня.

Гаворыць паплечнік Максіма Вінярскага Павал Юхневіч:

“У яго памёр бацька. Зь яго ўзялі расьпіску аб тым, што ён прыйдзе потым на Акрэсьціна, каб даседзець, колькі там яму засталося гадзінаў... Восем ці колькі. Яны не ўдакладнілі, у які дзень у колькі гадзінаў ён павінен прыйсьці і дасядзець тэрмін”.

Максім Вінярскі вучыцца на шостым курсе Тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Актывіст партыі БНФ Антон Каліноўскі таксама студэнт. Ён вучыцца на першым курсе Лінгвістычнага ўнівэрсытэту.

Антон упершыню трапіў за краты турмы на вуліцы Акрэсьціна. Ён падзяліўся сваімі ўражаньнямі:

“Нас у камэры было 12 чалавек. Сярод іх быў Анатоль Шумчанка, Павал Кур’яновіч, Франак Вячорка, я, некалькі прадпрымальнікаў, у тым ліку Ўладзімер Шыла. Акрамя вады і цёплых рэчаў нічога не перадавалі. Не прымалі ежу, зь цяжкасьцю перадавалі кнігі. Таму давялося есьці турэмную ежу. Я ўвогуле ніколі ня еў суп. На Акрэсьціна я ўпершыню за некалькі гадоў зьеў суп. На трэці дзень так захацелася есьці, што зьеў”.

Антон Каліноўскі заявіў, што не спалохаўся арышту. Ён далучыўся да акцыі вязьняў турмы на Акрэсьціна, мэтай якой ёсьць стварэньне такіх ўмоваў утрыманьня адміністрацыйна арыштаваных, якія гарантаваныя беларускім заканадаўствам.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька меў размову з кіраўніком спэцпрыёмніка. Ён апавёў “Свабодзе”, калі выйшаў на волю 25 студзеня, што былыя вязьні будуць зьвяртацца ў пракуратуру і міністэрства ўнутраных спраў, каб тыя зрабілі неабходныя захады і прывялі ўмовы ўтрыманьня ў адпаведнасьць з заканадаўчымі нормамі.

Учора на волю выйшлі 22 чалавекі. У турме застаюцца больш за два з паловай дзясяткі вязьняў, арыштаваных прэвэнтыўна і за ўдзел у акцыі 21 студзеня. Студэнтка Тацяна Цішкевіч адбывае 20 сутак арышту за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG