Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’я рэчыцкіх бізнэсоўцаў загінула ў Расеі


Сёньня ў Рэчыцы на гарадзкіх могілках пахавалі прадпрымальнікаў – мужа і жонку Станіслава і Ірыну Жураўскіх, якія трагічна загінулі ў аўтааварыі ў Расеі.


Пахаваньне бізнэсоўцаў вылілася ў масавую акцыю грамадзянскай жалобы. Да дому, дзе жылі прадпрымальнікі, апрача родных і сваякоў, прыйшлі сотні рэчыцкіх бізнэсоўцаў. У дарозе на могілкі жалобная працэсія з аўтамашын расьцягнулася на кілямэтар.

“Я страціў найлепшага сябра, што тут яшчэ казаць, – сказаў нашаму радыё рэчыцкі прадпрымальнік Сяргей. – Сёньня мы яго хавалі. Такая нашая прафэсія: усё хутчэй, хутчэй — трэба працаваць. Мы — ізгоі ў нашай краіне”.

Ірына і Станіслаў Жураўскія трапілі ў дарожную аварыю два дні таму на досьвітку непадалёк ад расейскага гораду Навазыбкава і загінулі на месцы. Яны ехалі ў Маскву па тавар.

Трагічная сьмерць вымушае прадпрымальнікаў зьвяртаць увагу на ўмовы свайго цяперашняга існаваньня, кажа рэчыцкі прадпрымальнік Леанід Невар:
Такіх умоваў ніхто, нідзе і блізка не ўжыве да сваіх грамадзянаў

“Прадпрымальнікі пастаўленыя цяпер у такія ўмовы працы, што хочаш ня хочаш, а для таго, каб зьезьдзіць па тавар, трэба выбірацца ноччу. І прадпрымальнікі, каб не парушаць рэглямэнту працы сваіх крамаў і пасьпець купіць аптовы тавар, адпрацуюць дзень, а ноччу едуць у Маскву. Там затарваюцца — і зноў ноччу едуць назад. Такіх умоваў ніхто, нідзе, у ніводнай дзяржаве сьвету і блізка не прыменіць у дачыненьні да сваіх грамадзянаў”.

Яшчэ некалькі гадоў таму прадпрымальнікі, у тым ліку й рэчыцкія, уздымалі перад беларускім урадам пытаньне пра тое, каб стварыць у краіне аптовыя рынкі. Тады не было б патрэбы езьдзіць у расейскую сталіцу. Прынамсі, так зрабілі ў суседняй Украіне.

У Беларусі тым часам забаранілі прадпрымальнікам браць на працу несваякоў. Меркаваньне рэчыцкага актывіста руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Алега Шабетніка:

“Раней у Жураўскіх былі найманыя працаўнікі, цяпер іх няма. Людзі, ня спаўшы, ня еўшы, у Маскву ляцелі. Чалавек павінен дзьве ночы ня спаць, каб зьезьдзіць па тавар. Калі празь дзень на працу ня выйдзеш, забяруць ліцэнзію. А паколькі найманых працаўнікоў няма, то няма на каго й краму пакінуць. Працаваць трэба, па сутнасьці, кожны дзень. Людзі пастаўленыя ў жорсткія рамкі, на мяжы выжываньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG