Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чавусах прымушаюць здаваць грошы на царкву


У Чавусах мэдыкаў ды пэдагогаў прымушаюць ахвяраваць сродкі на завяршэньне будаўніцтва праваслаўнай Сьвята-Вазьнясенскай царквы.


Царкву будуюць ужо блізу дзесяці гадоў. Каб абараніцца ад прымусу, група мэдыкаў Чавускай раённай бальніцы папрасіла карэспандэнта “Свабоды” агучыць іх скаргу.

Пра тое, што людзей прымушаюць здаваць грошы на царкоўны даўгабуд, кажа жыхар Чавусаў Аляксандар Саўчакоў:

“Кажуць, калі ня хочаш здаваць сам, то тады з заробку вылічым, і ўсё. Знаёмы сказаў, што ў яго адразу ж 25 тысяч вылічылі з заробку”.

Са словаў суразмоўцы, людзі ў Чавусах не скупыя. Але некаторыя яшчэ памятаюць, як у 1950-я гады ў гэтай мясцовасьці руйнавалі божыя храмы. Толькі нядаўна свой касьцёл аднавіла каталіцкая абшчына. Чаму ў такім выпадку царкву не аднаўляе той, хто адказны за яе разбурэньне — улада?

Тое, што на праваслаўную царкву грошы зьбіраюць пад прымусам, фактычна пацьвердзіла старшыня прафсаюзу Чавускай райбальніцы Ніна Кузіна:

“Так, мы здаём грошы на царкву ў памеры аднадзённага заробку. Незадаволенасьць ёсьць, канечне. Будуецца царква даўно, аднак ніяк ня можа дабудавацца. Дык ня толькі мэдыкі здаюць. Усе здаюць, усе арганізацыі”.

Старшыня Чавускага райсавету Аляксандар Чыканаў, ён жа кіраўнік апякунскай рады будаўніцтва царквы, кажа, што ў пераважнай большасьці мясцовыя жыхары ня супраць дапамагаць сьвятой справе. Каб скончыць узьвядзеньне храму, патрэбныя яшчэ каля 100 мільёнаў рублёў:

“Калі людзям не тлумачаць, дзеля чаго гэтыя грошы патрэбныя, – гэта вельмі кепска. Гаворкі пра тое, што калі ня здаў, то заўтра з працы звольню, няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG