“Наколькі мне вядома, нагляд за тым, каб такія допісы не зьяўляліся на сьвет, ажыцьцяўляе падпарадкаваная Вам структура, — напісаў у заяве на імя абласнога пракурора Барыс Хамайда. — Таму Вы несяце пэрсанальную адказнасьць за магчымае разьвіцьцё далейшых падзей”.
Ліст ад імя прафашыстоўскай арганізацыі РНЕ Барыс Хамайда атрымаў 8 студзеня, у дзень свайго шасьцідзесяцігоддзя. Невядомыя аўтары патрабавалі, каб апазыцыянэр спыніў распаўсюд незалежнага бюлетэня “Курьер из Витебска”, калі там ня будзе зьмешчаны артыкул пра недапушчальнасьць будаўніцтва мэмарыяльнага знака мясцовым ахвярам Галакосту. У адваротным выпадку яны пагражалі перашкодзіць выхаду газэты ды пакараць распаўсюдніка й рэдактара выданьня Уладзімера Базана.
Спадар Базан у пракуратуру зьвяртацца не зьбіраецца. Ён кажа, што ягоны адказ РНЕ — гэта выхад чарговага нумару “Курьера из Витебска”. Там зьмешчаны артыкул пра тое, што ўшанаваньне памяці вязьняў віцебскага гета — ініцыятыва годная і слушная.
Што да звароту ў пракуратуру Барыса Хамайды, то апазыцыянэр лічыць яго яшчэ адной спробай дамагчыся, каб праваахоўныя органы ўсё ж распачалі пошук тых, хто піша лісты ад імя РНЕ. Падобныя лісты з абразамі ды пагрозамі за апошнія два гады атрымалі сямёра віцебскіх актывістаў, аднак дагэтуль у міліцыі адмаўляліся распачынаць крымінальныя справы — на той падставе, што арганізацыя РНЕ ў Беларусі не зарэгістравана.