Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Мілінкевіч: “На якіх умовах ісьці на выбары?"


Лідэр руху “За Свабоду” А.Мілінкевіч лічыць, што апазыцыі варта ўдзельнічаць у выбарах у парлямэнт толькі пры выкананьні пэўных умоваў.


Сам рух не зьбіраецца ўдзельнічаць у вылучэньні кандыдатаў ў дэпутаты ў любым выпадку.
У інтэрвію нашаму радыё Аляксандар Мілінкевіч заявіў наступнае.
Мілінкевіч: “У нас ёсьць выпрацаваная пазыцыя на тое, як удзельнічаем у выбарах. Партыям пакідаем разьмеркаваньне акругаў. На сябе бяром мабілізацыйную, агітацыйную кампанію, а таксама кампанію “За справядлівыя выбары”.
Мая асабістая думка — абсалютна празрыстая. Я лічу, што дэмакратычныя сілы не павінны проста, як бараны, ісьці на выбары пры любых умовах.
Выбары робяцца не дзеля выбараў, а каб штосьці зьмяніць у краіне на нашую карысьць. І таму я лічу, што, натуральна, мы павінны вылучаць уладзе свае ўмовы. Можна нават казаць, што калі немагчыма так хутка зьмяніць заканадаўства, то практыку выкарыстаньня заканадаўства трэба зьмяняць. Гэта і ўключэньне людзей ад дэмакратычных сіл у выбарчыя камісіі. Гэта абавязковы доступ да СМІ. І мы павінны заяўляць, што гатовыя ісьці да канца, калі ўлада робіць гэта, гэта і гэта.
Гэта натуральныя рэчы. І я ня думаю, што выказваю штосьці арыгінальнае. Я ведаю, што ў аб’яднаньні дэмакратычных сілаў таксама блізкія думкі”.
Намесьнік старшыні руху “За Свабоду” Віктар Карніенка мяркуе, што партыям варта ўсё ж скласьці адзіны сьпіс кандыдатаў ад апазыцыі, і што яны гэтую працу пакуль не выконваюць.
"Якасьць гэтай кампаніі будзе ў значнай ступені залежыць ад таго, наколькі аб'яднаныя дэмакратычныя сілы змогуць кансалідаваць свае намаганьні ў гэтых выбарах. І нас вельмі непакоіць, што да гэтага часу яшчэ няма адзінага сьпісу. Гэта тая праца, якую павінны выканаць мы, незалежна ад таго, што зробяць з законам Ярмошына і што з намі зробіць рэжым. Мы павінны выканаць сваю частку працы.
Мы ня будзем перашкаджаць палітычным партыям складаць гэты адзіны сьпіс. Рух складаецца як з беспартыйных, так і з прадстаўнікоў партый. І пры гэтым мы ні ў якім выпадку не забараняем сябрам руху, якіх вылучаюць партыі, ўдзельнічаць у гэтай выбарчай кампаніі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG