На кампактным дыску запісаныя казкі Ганса Хрысьціяна Андэрсэна па-беларуску. Гэта ўжо дзесятая аўдыёкніга кампаніі. Аўтарскі калектыў рыхтуе яшчэ некалькі такіх працаў, а неўзабаве пабачаць сьвет і мультфільмы. Стваральнікі аўдыёкнігі “Дзікія лебедзі” намагаюцца зрабіць літаратуру беларускай і сучаснай адначасова. Калектыў “Белтонмэдыя” ужо пераклаў і агучыў шэраг твораў, у тым ліку з дзіцячай літаратуры школьнай праграмы, а таксама перакладныя творы з замежных моваў.
Друкаваная кніга “Дзікія лебедзі” выдавалася напачатку 1990-х у перакладзе з дацкай мовы. Цяпер яе агучылі і пераклалі ў сучасны аўдыёфармат. Тэкст чытае акторка Галіна Кухальская. Стваральнікі кніжкі ажывілі яе гукамі прыроды: слухачы пачуюць сьпевы птушак і гукі жамяры.
Стваральнікі аўдыёкніжак дамовіліся з кнігарнямі ў Менску і ў рэгіёнах, каб гукавыя выданьні былі прадстаўленыя на паліцах поруч з друкаванай літаратурай.
Гаворыць адзін з каардынатараў праекту Франак Вячорка:
“Наша задача распаўсюджваць літаратуру не падпольнымі мэтадамі, як гэта было апошнія 15 гадоў, а легальна. Дзеля гэтага мы зарэгістравалі афіцыйную фірму, якая называецца “Белтонмэдыя”, у якую увайшлі ўсе нашыя творцы – рэжысэры, акторы, аўтары. Мы плянуем, што гэтая фірма зойме свой сэгмэнт на рынку, сэгмэнт беларускай якаснай літаратуры, музычнай прадукцыі, а таксама відэафільмаў”.
Неўзабаве выйдуць у сьвет кніжкі з сэрыі “школьнай літаратуры”. Ужо зробленыя “Палескія хронікі” Івана Мележа. Агучаны “Сымон-музыка”, п’есы Янкі Купалы. Да дня сьвятога Валянціна рыхтуецца аўдыёкніжка Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры “Маленькі прынц”.