Гэта зьвязана з пратэстамі супраць прэзыдэнцкага ўказу № 760, які дазваляе наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў. Ад 1 да 15 студзеня прадпрымальнікі абвясьцілі страйк, які адбываецца ў форме вымушанага адпачынку зь нявыплатай падаткаў і арэнднай платы.
У Менску ў гандлёвых цэнтрах “Паркінг”, “Зеркало” і “Монетка” некаторыя шапікі былі зачынены па тэхнічных прычынах альбо ў сувязі з адпачынкам ці пераафармленьнем дакумэнтаў. Частка памяшканьняў наагул вызваленая і здаецца ў арэнду.
Лідэр кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў сказаў:
“На выходныя спынена каля 40 працэнтаў па Беларусі. Многія аплацілі падатак толькі на выходныя. Часткова: палову падатку аплацілі, а палову не. А так 40 працэнтаў наагул не гандлюе па Беларусі. У асноўным адсутнічаюць наёмныя асобы. Пакуль жонкі сталі часова. А ў буднія дні 50-70% будзе стаяць”.
У Гомелі сёньня ня выйшлі на працу больш за 50% прадпрымальнікаў. Пра гэта заявіў лідэр рэгіянальнай суполкі грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Аляксандар Рубчэня:
“Выстаўкі зачыняюцца, людзі зьяжджаюць адтуль, бо ў іх няма магчымасьці гандляваць згодна з указамі. Улады далі ўказаньне ўладальнікам рынку ў новыя дамовы арэнды ўнесьці пункт – за незахаваньне рэжыму працы гандлёвых аб’ектаў прымаць меры, ажно да скасаваньня дамоваў арэнды. Тут на нас поўнасьцю ставяць крыж. Бо я нават не магу зьезьдзіць за таварам. Нам поўнасьцю перакрываюць кісларод”.
“Нават ня трэба распаўсюджваць улёткі”
Сябра кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Аляксандар Цацура пра сытуацыю ў Салігорску сказаў:
“Па шапіках працэнтаў пяць выйшлі на працу. А па рынку працэнтаў 15. Указ № 760 не дае людзям працаваць. Ад 1 студзеня звольнены наёмныя асобы. Я лічу, трэба часьцей рабіць выезды ў Менск і вылучаць ня толькі эканамічныя, а і палітычныя патрабаваньні”.
За 10 хвілінаў эфіру на беларускім тэлебачаньні Лукашэнка настроіў супраць сябе паўмільёна.
Паводле сябра каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Алеся Макаева, прадпрымальнікі рыхтуюцца выйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў Менску 10 студзеня. Лідэр рэспубліканскага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка заявіў, што пераднавагоднія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, вымушаюць ісьці на плошчу, і для гэтага нават ня трэба распаўсюджваць улёткі:
“Я размаўляў з усім Менскам. На дзіва, людзі настроены вельмі рашуча. 10 студзеня прадпрымальнікі рыхтуюцца выйсьці на плошчу. Гэта рашэньне саміх прадпрымальнікаў. Там, дзе прадпрымальнікі, там і мы будзем у першых шэрагах. За 10 хвілінаў эфіру на беларускім тэлебачаньні Лукашэнка настроіў супраць сябе адразу ж паўмільёна”.