Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК: кандыдатаў будуць здымаць за дапамогу з-за мяжы


На выбарах 2008 году кандыдатам давядзецца дзейнічаць больш абачліва.


Пра гэта старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына паведаміла ў інтэрвію БелаПАН.

Паводле яе слоў, гэта зьвязана са зьмяненьнямі ў Выбарчы кодэкс, што прыняты ў 2006 годзе. У прыватнасьці, падставай для адмены рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты стане выкарыстаньне замежнай матэрыяльнай дапамогі. "Калі раней выкарыстаньне незаконных сродкаў цягнула за сабой папярэджаньне, то цяпер прывядзе да абавязковай адмены яго рэгістрацыі", — сказала Лідзія Ярмошына.

“Забарона як такая была і раней”, але норма зьявілася толькі цяпер

Даказваць выкарыстаньне замежнай дапамогі павінны выбарчыя камісіі. "Яны будуць праводзіць спэцыяльныя апытаньні, зьбіраць доказы. Таксама ў камісіі могуць паступаць паведамленьні ад адпаведных органаў, што займаюцца ў Беларусі пытаньнямі бясьпекі. Цяжка сказаць, якія доказы будуць выкарыстоўвацца — галоўнае, што такая забаронная норма зьявілася, бо забарона як такая была і раней, але мэханізм яе рэалізацыі адсутнічаў", — патлумачыла старшыня ЦВК.
Калі ініцыятыўная група будзе раздаваць друкаваную прадукцыю невядомага паходжаньня, то пры паўторным парушэньні кандыдату адмовяць у рэгістрацыі


Апрача таго, зазначыла спадарыня Ярмошына, на будучых выбарах кандыдат будзе адказны за дзейнасьць сваёй ініцыятыўнай групы. "Калі ў час вылучэньня яна дапусьціць пэўныя парушэньні, напрыклад, будзе раздаваць друкаваную прадукцыю невядомага паходжаньня, то кандыдат і ініцыятыўная група будуць папярэджаныя, а пры паўторным парушэньні кандыдату адмовяць у рэгістрацыі".

Колькасьць назіральнікаў ня будзе абмяжоўвацца

Старшыня ЦВК таксама паведаміла, што Беларусь ня будзе абмяжоўваць запрашэньне замежных назіральнікаў на парлямэнцкія выбары 2008 году.

Яна нагадала, што Расея на парлямэнцкіх выбарах 2 сьнежня 2007 года абмежавала запрашэньне замежных назіральнікаў. Такое ж абмежаваньне прысутнічала і на выбарах прэзыдэнта Ўзбэкістану 23 сьнежня мінулага года. "Аднак Беларусь ніколі не абмяжоўвала запрашэньне замежных назіральнікаў, хаця і церпіць самыя вялікія нападкі", — сказала Лідзія Ярмошына.

Найбольш прымальнай датай правядзеньня парлямэнцкіх выбараў 2008 года кіраўнік ЦВК лічыць 12 кастрычніка. Дата 12 кастрычніка, зазначыла яна, ужо прапанаваная ўсім зацікаўленым дзяржаўным органам. "Думаю, гэтая прапанова будзе падтрыманая прэзыдэнтам", — сказала старшыня ЦВК.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG