Такія людзі ёсьць і ў нашых дзяржаўных органах, і ў нашых турмах, і, канечне, у нашых дэмакратычных сілах. Я веру ў гэтых сумленных, шчырых, добрых людзей. Дзякуй усім ім!
Яшчэ я веру ў тое, што ніхто нічога нікому не павінен. Я раблю тое, што я раблю, не таму, што я некаму нешта хачу даказаць ці чакаю, што мне скажуць “дзякуй!” за гэта, а толькі таму, што я хачу гэта рабіць і лічу гэтую справу слушнаю.
Гэтак сама я імкнуся ставіцца і да іншых людзей. Кажу “імкнуся”, бо гэта досыць складана. Вельмі часта хочацца ўскласьці адказнасьць на каго-небудзь і сказаць, што той ці іншы чалавек абавязаны нам нешта зрабіць.
Калі я была зьняволеная ў турме, то мае сябры зусім не абавязаныя былі пісаць мне лісты, але я ўдзячная тым, хто гэта рабіў, і зусім не крыўдую на тых, хто не рабіў гэтага. Аляксандар Мілінкевіч не абавязаны хадзіць на ўсе акцыі апазыцыі, але мне асабіста будзе вельмі важна і прыемна, калі на акцыю, якую я палічыла важнай і прыйшла, прыйдзе і гэты чалавек. Нельга вінаваціць прадпрымальнікаў у тым, што яны столькі гадоў працавалі, зарабляючы грошы, і не падтрымлівалі дэмакратычныя сілы, а цяпер, калі ў іх узьніклі праблемы, яны лічаць, што апазыцыя абавязаная ім дапамагчы.
Я веру, што трэба рабіць тое, што ты лічыш патрэбным і важным, і не чакаць ухвалы ці нязгоды ад іншых.
А яшчэ я веру, што калі вельмі-вельмі нечага захацець, то яно абавязкова зьдзейсьніцца. Гэтая мая вера грунтуецца перш за ўсё на маіх сілах. Я ведаю, што я змагу дасягнуць усяго, чаго захачу.
Я – непапраўны аптыміст. І таму я веру, што ўсё, што ні робіцца, усё робіцца да лепшага. Я шматкроць у гэтым пераконвалася, наколькі б неадназначнымі былі тыя падзеі, якія адбываліся ў маім жыцьці.
Хачу верыць у канкрэтныя рэчы. Цяпер вось вельмі-вельмі хачу верыць у тое, што ў Артура Фінькевіча ўсё зьменіццца, што справа ягоная будзе перагледжаная, прысуд яму будзе скасаваны, і яго хутка выпусьцяць на свабоду...
* * *
Эніра Браніцкая – моладзевая актывістка, праваабаронца. За ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” была засуджаная ў 2006-м на паўгоду турэмнага зьняволеньня. У складзе дэлегацыі дэмакратычнай апазыцыі Беларусі сёлета ў лістападзе сустракалася з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам.