Яшчэ на тры месяцы, да 24 сакавіка 2008 году, прадоўжана расьсьледаваньне справы аб зьнікненьні Юр’я Захаранкі. Пра гэта праваабаронцу Алегу Воўчаку паведаміў сьледчы пракуратуры Менску Сяргей Кухаронак.
“Матывацыя стандартная – “у мэтах правядзеньня дадатковых сьледчых дзеяньняў”. Якіх, не пазначана”, – кажа Алег Воўчак.
Праваабаронца ня верыць у шчырасьць сьледчых. Алег Воўчак мяркуе, што пракуратура толькі імітуе сьледзтва: падаўжае расьсьледаваньне, але фактычна нічога ня робіць.
“Яшчэ мяне зьдзіўляе, чаму маўчаць афіцэры, якія расьсьледавалі гэтую справу спачатку? Калі ў іх загавораць сумленьне і афіцэрскі гонар? Гаворка ж ідзе пра генэрала міліцыі, міністра. Няўжо яны ня могуць усё расказаць, што ім вядома? Трэба ж разумець, што маці Захаранкі засталося жыць ужо няшмат... Баяцца. Але за гэтую боязь ім таксама давядзецца адказваць. Бо гэта іх службовы абавязак – у любым выпадку затрымаць тых, хто вінаваты ў выкраданьні Юр’я Захаранкі”.
Былы міністар зьнік у траўні 1999 году пасьля нападу невядомых асобаў. Шмат хто ў Беларусі і сьвеце мяркуе, што да зьнікненьня Юр’я Захаранкі мае дачыненьне беларуская ўлада.
Гэтаксама нявысьветленымі застаюцца лёсы апазыцыянэраў Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага. Дэпутат Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі зьніклі ў верасьні 1999 году, апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага выкралі ўлетку 2000 году. За яго выкраданьне асудзілі былога спэцназаўца Валера Ігнатовіча і двух ягоных суўдзельнікаў, але суд не адказаў на пытаньне, дзе знаходзіцца журналіст. Сёлета ў сакавіку справу Зьмітра Завадзкага прыпынілі. Маці журналіста Вольга Завадзкая адзначае, што яе выкрадзенага сына дзяржава не шукае:
“Проста ня хочуць, нікому зь іх гэта непатрэбна. Сядзяць, як павукі на павуціньні. Пра якую дэмакратыю ці справядлівасьць можна тут казаць?”