Я спытаўся ў майго калегі, да нядаўняга часу - дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука, які быў 2007 год для беларускай “Свабоды”:
Аляксандар Лукашук ад кастрычніка выконвае абавязкі галоўнага рэдактара Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа. Заняцьце нашым калегам гэтай высокай пасады мы бясспрэчна таксама можам лічыць адным з дасягненьняў Беларускай службы за гэты год.
*****
Паводле статыстыкі, найбольшую цікавасьць слухачоў і наведнікаў сайту прыцягнула асьвятленьне жывых падзеяў – перадусім масавых акцыяў апазыцыі – Дня Волі, Дзядоў, восеньскіх маршаў. Гэтыя падзеі шырока асьвятляліся ў радыёэфіры і на сайце. Сёлета мы далей разьвівалі комплекснае асьвятленьне ўсімі магчымымі сродкамі – онлайн-рэпартажы, фотагалерэі, відэафрагмэнты, аўдыёрэпартажы на сайце па-за эфірным часам, аўдыёслайды. Апошняе было сёлетняй навінкай і ўяўляе сабой спалучэньне радыёрэпартажу і слайд-шоў.
Так зь месца падзеяў перадавала Ганна Соўсь і яе голас наведнікі сайту svaboda.org маглі пачуць адразу, амаль што ў рэальным часе, задоўга да нашай вечаровай радыёпраграмы.
*****
Дарэчы, Беларуская служба была першай на Радыё Свабода, хто выкарыстоўваў шырокі мультымэдыйны падыход да асьвятленьня жывых падзеяў, і сёлета мы атрымалі прыз Радыё Свабода за Выдатнае дасягненьне ў мультымэдыйнай канвэргенцыі ў намінацыі “Найлепшы камандны праект канвэргенцыі”. Калі перакласьці гэта на нармальную мову – за наватарскі сынтэз усіх наяўных радыё- і інтэрнэт сродкаў.
Гэтак нам сёлета ўручалі прыз Радыё Свабода за мультымэдыйнасьць.
*****
Наступнае наша дасягненьне зноў сьведчыць пра тое, што Радыё Свабода – ужо ня толькі радыё, гэта больш чым радыё. Гаворка пра нашу кніжную сэрыю “Бібілятэка Свабоды ХХІ стагодзьдзе”. Сёлета ў сэрыі выйшлі тры кнігі – “Імёны Свабоды” Уладзімера Арлова, “Сямейны альбом” Вінцэся Мудрова і зборнік “Плошча”, прысьвечаны менскім падзеям вясны 2006 году.
Гэта былі галасы з прэзэнтацыі кнігі “Плошча” ў Менску. Нагадаю, у сэрыі “Бібілятэка Свабоды ХХІ стагодзьдзе” ўжо выйшла 12 кніг, іх можна згрузіць у фармаце ПДФ з нашага сайту svaboda.org
*****
І яшчэ адзін выдавецкі праект, гэтым разам мультымэдыйны, а ня кніжны, хоць гаворка йдзе пра літаратуру. Творы 50 аўтараў “Начной чытанкі” – літаратурнай рубрыкі праграмы “Начная Свабода” – у аўтарскім чытаньні выйшлі на адмысловым кампакт-дыску разам зь біяграфіямі і фатаздымкамі творцаў. Так свой верш у нашай “Начной чытанцы” чытаў Рыгор Барадулін:
*******
Аляксандар Лукашук назваў 2007 год годам слухача. І сапраўды, мы паспрабавалі максымальна выкарыстаць фактар зваротнай сувязі.
Да традыцыйных відаў сувязі – лістоў і званкоў на Свабоду, апошнім часам дадаліся і ўсё шырэй выкарыстоўваюцца лісты электроннай пошта, СМС-паведамленьні, а апошнім часам – камэнтары да нашых матэрыялаў на сайце. У канцы году ўзровень зваротнай сувязі дасягнуў, можна сказаць, апагею – цяпер кожны тыдзень з намі супрацоўнічае грамадзкі рэдактар, якога мы абіраем сярод нашых случахоў. Грамадзкі рэдактар абірае тэмы для асьвятленьня, сочыць за нашымі матэрыяламі і камэнтуе іх на працягу тыдня, а ў пятніцу цэлая паўгадзіна нашага эфіру фармуецца цалкам на прапановах грамадзкага рэдактара.
Гэта была Ірына Казуліна, жонка палітвязьня Аляксандра Казуліна, актывістка руху змаганьня супраць раку грудзей і наш першы грамадзкі рэдактар.
*****
На працягу ўсяго году актыўна разьвіваўся наш сайт – svaboda.org. Пра некаторыя навінкі я ўжо казаў. Адзначу асобна наш летні фатаконкурс “Мая Беларусь”, на які было даслана больш за тысячу фатаздымкаў, лепшыя зь якіх рэгулярна зьяўляліся на сайце і адмыслова аглядаліся фатографам Валерам Дранчуком.
І вось пад канец году – 10 сьнежня – адбылася важная падзея. 9 гадоў таму, 10 сьнежня 1998 году, у Міжнародны дзень правоў чалавека пачаў працаваць сайт Беларускай службы Радыё Свабода - адзін зь першых сярод службаў нашага радыё. Чарговую гадавіну мы адзначылі сёлета пераходам на новы дызайн. За 9-гадовую гісторыю гэта ўжо чацьвёртая вэрсія сайту svaboda.org.
Сярод навінак:
- Новы дызайн, навігацыя і прынцыпы функцыянаваньня
- Магчымасьць камэнтаваць і абмяркоўваць матэрыялы
- Новыя тэмы i рубрыкі
- Асобны разьдзел грамадзкай журналістыкі
- Расклад радыёперадачаў
- Блогі супрацоўнікаў РС і гасьцей
- Больш фота, больш відэа, больш інтэрактыўнасьці
*****
На вялікі жаль радасьць з усіх нашых дасягненьняў, пра якія я сёньня расказваў, ня можа з намі разьдзяліць наш наймаладзейшы калега Ўладзя Каткоўскі, які мінулымі гадамі сам нямала прычыніўся да нашых посьпехаў. Сёлета ў траўні праспаўшы адзінаццаць месяцаў у глыбокай коме пасьля аўтамабільнай аварыі, ён прачнуўся, але ня ў нашым, а ў нейкім іншым сьвеце.
Уладзя Каткоўскі навучыў нас адной надзвычайна важнай рэчы – паўнацэнна жыць і шукаць шчасьця кожны дзень, кожную хвіліну, кожны момант нашага жыцьця, не адкладаючы на пасьля. Чаго мы і жадаем усім слухачам “Свабоды” ў новым, 2008-м годзе.