Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вырастуць камунальныя выплаты больш як на 5 даляраў?


Паводле спэцыялістаў, умовы працы жыльлёва-камунальнай гаспадаркі істотна зьменяцца ўжо ў першым месяцы новага году.


І хоць урад абяцае не падвышаць кошту камунальных паслуг у эквіваленце болей чым на 5 даляраў, аднак досьвед нагадвае: аналягічныя абяцаньні, зробленыя пры канцы мінулага году, не былі вытрыманыя, і кошт вырас больш як на 10 даляраў. Чаго беларусам чакаць у лютым, калі давядзецца аплачваць камунальныя выдаткі за студзень 2008-га?

З 1 студзеня 2008 году расейскі прыродны газ будзе каштаваць Беларусі амаль на 20 даляраў даражэй, чым сёлета. Адпаведна аналітыкі прагназуюць і павелічэньне выдаткаў у сфэрах, залежных ад спажываньня энэргарэсурсаў.

Колькі грошай выцягнуць гігакалёрыі?

Экспэрт у энэргетычных пытаньнях Валянцін Мацкевіч перакананы, што гэта будзе наўпрост тычыцца і аплаты жыльлёва-камунальных паслуг:

“Сюрпрызы будуць абавязкова. Іх жа не абысьці, не аб’ехаць ніякім чынам. І перадусім гэта тычыцца камунальных паслуг, найперш падагрэву вады, за што ідуць найбольшыя спрэчкі паміж насельніцтвам і жыльлёва-камунальнымі ўстановамі. Так званыя гігакалёрыі складаюць самы вялікі кошт, да гэтага дадаецца яшчэ й ацяпленьне. Абедзьве гэтыя пазыцыі наўпрост завязаныя на энэрганосьбітах. Бо трэба разумець: гігакалёрыі – гэта чыстая энэргетыка. Таму рост аплаты будзе істотны. Іншая рэч, што магчыма нейкае паслабленьне, але тады, вядома, будзе павялічвацца субсыдыяваньне шляхам пераразьмеркаваньня – з-за таго, што ўсё ж вельмі вялікая частка насельніцтва не такая ў нас платаздольная. Таму тут вельмі складана падвышаць штосьці. Вельмі вялікія “нажніцы”.

Цяпер за стандартную трохпакаёвую кватэру ў ацяпляльны пэрыяд жыхары плацяць у сярэднім 170 тысяч рублёў. Паводле прагнозаў, ужо ў студзені камунальная плата за тую ж плошчу дасягне 185 тысяч. У выпадку з двухпакаёўкамі адпаведныя сумы – ад 120 да 135 тысяч рублёў.

Між тым некаторыя экспэрты схільныя верыць абяцаньням кіраўніцтва Беларусі стрымаць рост камунальных выплат на ўзроўні 5 даляраў.

Ці можна верыць абяцаньням ураду?

Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што атрыманы ў Расеі стабілізацыйны крэдыт абароніць ад неабходнасьці рэзкіх цэнавых скачкоў:
Расейскі крэдыт падтрымлівае наш урад у такіх перакананьнях

“Калі ўрад абяцае, то гэта значыць, што ў яго ёсьць умовы для таго, каб выканаць абяцаньні. Бо ўзяты толькі што расейскі крэдыт на 1,5 мільярда даляраў істотна падтрымлівае наш урад у такіх перакананьнях. Да таго ж не такая ўжо й вялікая сума выдаткаў, каб падтрымаць наша насельніцтва”.

Карэспандэнт: “То бок у гэтым сэнсе ўраду можна верыць?”

“У прынцыпе, так. Больш за 5 даляраў, магчыма, і не падвысяць”.

Аднак падвышэньне нават на 10—12 тысяч рублёў можа быць істотным для значнай часткі насельніцтва Беларусі. Згодна з абнародаванымі напярэдадні Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны зьвесткамі, 10% беларусаў (альбо каля аднаго мільёна чалавек) маюць прыбытак, ніжэйшы за пражытковы мінімум, то бок адносяцца да малазабясьпечаных грамадзянаў.

Эканаміст Станіслаў Гусак нагадвае, што праз радыкальнае падаражэньне жыльлёва-камунальных паслуг прайшлі практычна ўсе суседнія зь Беларусьсю краіны. І ён перакананы, што ў дадзеным выпадку гаворка ня толькі пра эканамічны складнік, але й пра неабходнасьць плаціць за сваю незалежнасьць:
Лепей заплаціць за газ і адчуваць сябе незалежным


“Лепей заплаціць за гэты газ і адчуваць сябе чалавекам незалежным. І так павінны адчуваць сябе ўсе беларусы. Таму давядзецца плаціць болей, тут нічога ня зробіш. Але разам з тым мы ня будзем адчуваць на сабе ўвесь час нейкі ціск, у тым ліку ціск маральны. А пакуль такі маральны ціск будзе існаваць, чалавек ня здолее быць свабодным. І гэта ў пэўнай ступені плата за нашу свабоду. Мы да гэтага ідзем, і мы вымушаны гэта рабіць”.

Рост цэнаў адчуюць перадусім тыя грамадзяне краіны, якія дагэтуль карысталіся льготамі пры аплаце камунальных паслуг. Гэта пэўныя групы пэнсіянэраў і інваліды. Аднак ад сярэдзіны сьнежня палёгкі ў камунальных плацяжах пазбаўленыя й яны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG