Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы дзьвесьце гадоў таму сьвяткавалі Каляды разам”


“Як павінны каталікі й праваслаўныя сьвяткаваць Каляды — паасобку ці ў адзін дзень?” На пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.


Спадарыня: “Я лічу, што кожны павінен сьвяткаваць сваё сьвята тады, калі яно адбываецца, а ня зьмешваць усё разам. Каталікі ў свой дзень сьвяткуюць, праваслаўныя — у свой”.

Спадарыня: “Лепей за ўсё разам адзначаць”.

Спадарыня: “Я хачу, каб асобна. Я сама — праваслаўная, і мне мае Каляды, падаецца, перададзены з пакаленьня ў пакаленьне”.

Спадар: “Мы былі ўніяцкай нацыяй, і дзьвесьце гадоў таму сьвяткавалі Каляды разам. І калі ўніяцкая царква вернецца да нас у краіну, я буду гэта лічыць перамогай над уплывам маскоўскай царквы”.

Спадар: “Гэта гістарычна так склалася, што сьвяткуем па-рознаму. Лічу, што так і павінна быць. І нам добра — выходных болей”.

Спадарыня: “Я лічу, што ў адзін дзень трэба сьвяткаваць. Няма розьніцы, якая канфэсія. Сьвята ж агульнае, мы ж усе — хрысьціяне”.

Спадар: “Каляды праваслаўныя й каталіцкія з адной веры”.

Спадарыня: “Мы ня можам гэта вырашыць — гэта ж так паводле рэлігіі вызначана. Хто праваслаўны, хто каталік — і кожны сваё сьвяткуе. Але хацелася б, каб разам сьвяткавалі”.

Спадар: “Па-рознаму трэба. У каталікоў сваё летазьлічэньне, у праваслаўных — сваё. Гэта трэба павярнуць увесь каляндар, усе сьвяты павярнуць”.

Спадарыня: “У адзін дзень сьвяткаваць ніяк нельга. У каталікоў павінна быць сваё сьвята, у праваслаўных — сваё. Таму што гэта дзьве розныя веры”.

Спадарыня: “Я лічу, што ня будзе граху, калі будуць разам сьвяткаваць — праваслаўныя й каталікі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG