Фотагалерэя
Сёньня ў касьцёлах зачытвалі казаньне арцыбіскупа мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, гучалі калядныя сьпевы і віншаваньні. У менскай архікатэдры сьвяточную імшу ладзіў ксёндз Антоній:
“Хай добры Бог прысутнічае ў Вашым жыцьці ў кожную хвіліну. Хай вас дабраслаўляе з тых ясьляў Бэтлеемскіх і вядзе вас з дапамогай Марыі да сябе, да збаўленьня”.
У кожным касьцёле можна ўбачыць сцэну Божага нараджэньня. У ясьлях ляжыць дзіцятка, над якім схіляецца маці Марыя, сьвяты апякун Юзаф, пастушкі... Тут адбываецца дабраслаўленьне дзяцей.
Пасьля касьцёлу вернікі сьпяшаюцца дадому за сьвяточны стол. Як сьвяткуе каляды спадарыня Рэгіна?
“Сьвяткуем з усімі традыцыямі – і сенцам стол накрываем, і дванаццаць страваў рыхтуем. І вечарам на пастэрку абавязкова едзем. А сёньня вось таксама на імшы пабылі. Зараз будзе сустрэча з блізкімі”.
Карэспандэнт: “А што значыць для вас гэтае сьвята – Божае Нараджэньне?”
“Гэта нейкае аднаўленьне. Гэта нібы атрымаць і падзяліцца любоўю сваёй. Гэта вельмі вялікая радасьць. Такое прыгожае, добрае сьвята і нейкае ўдасканаленьне ў веры. Вельмі прыемнае сьвята. Вельмі захапляючае, прыгожае”.
Гутару са спадаром Анатолем пасьля набажэнства ў менскім Чырвоным касьцёле:
“Сьвяткуем. Зьбіраемся ўсёй сям’ёй, молімся, чарку п’ем”.
Карэспандэнт: “А што значыць для вас гэтае сьвята?”
“Гэта абнаўленьне. У кожнага чалавека мусіць быць сьвята. Гэтае сьвята – вечнае. А ня тое, што нам камуністы ўбівалі ў галаву – дзень рэвалюцыі альбо нейкае іншае глупства. Гэта тое, для чаго чалавек і жыве на гэтым сьвеце”.
Удзень у Чырвоным касьцёле пачаўся фэстываль духоўных сьпеваў дзяцей і моладзі.