Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Клімава: “Муж жывы, канешне”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Жонка палітыка Андрэя Клімава спыніла маўчаньне, якое цягнулася болей як месяц. Павал Севярынец атрымлівае перадачы, але ня мае права пісаць лісты на волю. Аляксандр Казулін просіць дасылаць кнігі ў турэмную бібліятэку.

Яшчэ ў пачатку красавіка быў зьмешчаны ў сьледчы ізалятар былы дэпутат Андрэй Клімаў, якога абвінавацілі ў распаўсюджваньні праз інтэрнэт заклікаў супраць дзейнай улады. Тры месяцы пасьля арышту Клімава ягоныя сваякі час ад часу кантактавалі з журналістамі, але болей як месяц таму гэтыя кантакты спыніліся не па віне мэдыяў. І вось учора жонка палітыка Тацяна Клімава нарэшце паведаміла хаця б самыя кароткія зьвесткі па свайго мужа.

“Ён жывы, канешне”.

“Нехта раней спрабаваў перадаць падушку, дык не прынялі”

Ужо амаль два тыдні ў берасьцейскім сьледчым ізалятары трымаюць лідэра маладзёвага руху Паўла Севярынца. Нагадаем, былога кіраўніка “Маладога фронту” арыштавалі на 15 дзён за ўдзел у несанкцыянаваным сходзе. Гэтак суд паставіўся да прэзэнтацыі кнігі Паўла Севярынца “Лісты зь лесу” ў сядзібе берасьцейскага БНФ.

Маці актывіста Тацяна распавяла, што дамаглася для Паўла чарговай перадачы.

“Гэта ня першая была яму перадача, дагэтуль яму перадавалі ды з сабой харчоў далі. Адвезла яму падушку маленькую, бо там няма. Нехта раней спрабаваў перадаць падушку, дык не прынялі, а ў мяне ўзялі. Спальны мех у яго там ёсьць. Гэта добра, бо там стала холадна зараз, акрамя таго, там вільгаць вялікая. У камэры іх чатыры чалавекі. Гэтак мне распавядалі”.

Нагадаем, Павал Севярынец толькі ў траўні выйшаў з “хіміі”, якую адбываў у далёкай вёсцы Малое Сітна ў Полацкім раёне. Актывіст адбыў там болей за паўтара года і выйшаў на волю датэрмінова на 4 месяцы, але зноў апынуўся за кратамі. Аднадумцы Паўла жартуюць, што ўлада праз ізалятары хутка кампэнсуе тое, што не дасядзеў Севярынец ў Малым Сітне.

”Наша моц у нашай духоўнасьці”

Прыйшлі новыя зьвесткі пра Аляксандра Казуліна. Па-першае, зь ім бачыўся адвакат Зьміцер Гарачка. Аповед адваката пра сустрэчу, як заўсёды, быў стрыманы. Спадар Гарачка, аднак, адзначыў, што не заўважыў, каб здароўе Алякандра Казуліна хаця б крыху палепшала ў параўнаньні з тым, як было паўтара месяца таму.

Другая крыніца – ліст дамоў, якія нядаўна атрымалі сваякі палітыка. Жонка Казуліна Ірына кажа, што муж напісаў пра вялікі попыт бібліятэкі, якую ён пачаў зьбіраць ў калёніі. Вось такую цытату з ліста мужа прапанавала нашым слухачам Ірына Казуліна:

“Я па-ранейшаму перакананы і веру, што шчырае і бескарысьлівае памкненьне дзеля агульнага дабра пракладуць сабе дарогу скрозь цемру і любыя перашкоды. Наша моц у духоўнасьці”.

Нагадаю, былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна абвінавацілі ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў ды на 5,5 гадоў пазбавілі волі. Палітык і шмат хто ў Беларусі й сьвеце мяркуюць, што зь ім паквіталіся за апазыцыйную дзейнасьць.

У маладафронтаўцаў Артура Фінькевіча і Зьмітра Дашкевіча асаблівых навінаў няма. Пра гэта распавёў “хімік” Фінькевіч, які днямі атрымаў ад калегі Дашкевіча ліст са шклоўскай калёніі.

Чаму няма зьвестак пра Андрэя Клімава?, 18.08.2007 З Аляксандрам Казуліным ў калёніі сустрэліся дочкі Вольга і Юля, 14.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG