Засталася пры хурме...
Перад будынкам крытага Камароўскага рынку зіхаціць каляровымі ліхтарыкамі навагодняя елка. Але сьвяточнага настрою ў развагах пакупнікоў не адчуваецца. Шмат хто зь іх ужо цяпер стараецца пакрысе набываць прадукты да навагодняга стала.
Маладая жанчына ідзе да выхаду са зьмястоўным пакункам апэтытнай хурмы. Хаця прыйшла на рынак зусім не за ёй:
“Ну, я зьбіралася наагул прыцаніцца па коштах ды нешта ўжо набыць да навагодняга стала, бо зьбіралася часткамі набываць – не цягнуць да 31, бо кошты ж наагул касьмічныя стануць. Плянавала набыць нешта, але неяк настолькі вырасьлі кошты ўжо – і на мяса, і на рыбу... Засталася я толькі пры хурме”...
Гэтая пакупніца сумняецца, што падаражаньне абмяжуецца перадсьвяточнымі днямі.
Жанчына: “З досьведу мінулых гадоў відавочна: кошты спачатку падымуцца перад Новым годам, а пасьля Новага году падвысяцца яшчэ раз”.
Трэба ведаць “рыбныя месцы”
Мужчына сярэдніх гадоў ставіцца да сытуацыі па-філязофску:
“Усё адно есьці трэба ж – нічога ня зробіш...”
Але, кажа ён, варта ведаць “рыбныя месцы” ў наўпроставым сэнсе слова:
“Я ведаю краму, на 9–м кілямэтры, “Віталюр” называецца. Там заўсёды натоўп народу, бо рыба там самая танная – удвая таньней, чым на рынку. Вы туды едзьце...”
У мясных шэрагах пакупнікоў няшмат. Сьвініна, якую пару месяцаў таму можна было набыць па 8–10 тысяч за кілю, цяпер каштуе каля 15. Гандлярка лічыць прычыны падаражэньня видавочнымі:
“Таму што ў Расею цяпер усё мяса пруць, таму і кошты падняліся, і закупка паднялася, і нас прымушаюць па гэтых коштах браць. Дзяржава ж не набывае па гэткіх коштах мяса ў калгасах, як мы”.
Карэспандэнтка: “А пасьля Новага году зьменіцца нешта”?
“Цяпер сала упала ў коштах, мяса паднялося. Пасьля Новага году сала пачнуць браць, мяса панізіцца ў коштах... ”
На Камароўцы – таньней
У адміністрацыі Камароўскага рынку сказалі, што ў кожным разе кошты на Камароўцы – ня горшыя за іншыя ў Менску.
Супрацоўніца адміністрацыі: “Мы кожную пятніцу праводзім на іншых рынках. І я магу сказаць, што наш рынак вельмі танны.
Карэспандэнтка: “Параўнальна з кім”?
“Зь іншымі рынкамі: Чыжоўскім, Чэрвенскім...”