Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Юзаф Пучынскі


19 сьнежня беларуская грамада амэрыканскага гораду Чыкага разьвіталася з мастаком Юзафам Пучынскім. Гэта быў дзень ягоных народзінаў. А памёр ён за тры дні да свайго 85-годзьдзя.

Вядомы кніжны і станковы графік, які аформіў дзясяткі кніг клясыкаў беларускай літаратуры і стварыў сотні партрэтаў вядомых дзеячаў нацыянальнай культуры, пайшоў з жыцьця далёка ад радзімы.
Народжаны на Меншчыне ў мястэчку Узда, Юзаф Пучынскі вельмі любіў гэты край. Будучы ўжо прызнаным графікам, ён часта прыяжджаў зь Менску сюды на этуды. Паводле словаў ягонага сына Ўладзімера, Юзаф Пучынскі — сын узьдзенскага каваля-габрэя — ніколі не адчуваў сябе чужым у беларускай культуры. І ніколі не зьбіраўся зьяжджаць адсюль. Але на пачатку 90-х вакол яго склалася вельмі цяжкая для творчага чалавека атмасфэра непатрэбнасьці. І ён нечакана для ўсіх вырашыў перабрацца ў далёкае Чыкага.

Распавядае сын Уладзімер:

“Там яго адразу прызналі. Там вельмі шмат беларусаў, вялікая дыяспара і асабліва моцнае ў ёй культурнае асяродзьдзе. Яго працы сталі купляць амэрыканскія музэі, галерэі, там пра яго ўвесь час пісалі і ўключалі яго працы ў зборнікі... Карацей, ён адчуваў там сябе запатрабаваным”.

Юзаф Пучынскі скончыў Віцебскую мастацкую вучэльню і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, амаль сорак гадоў быў галоўным мастаком часопіса “Работніца і сялянка” (цяпер “Алеся”). Афармляў кнігі шмат якіх клясыкаў беларускай літаратуры, у тым ліку Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Янкі Маўра, Алены Васілевіч. Супольная праца над кнігамі перарастала ў шчырае сяброўства зь пісьменьнікамі, якія цанілі Юзафа Пучынскага за шырокі культурны кругагляд.

Вестка пра сьмерць даўняга сябра засьпела народнага паэта Рыгора Барадуліна ў санаторыі і моцна расхвалявала:

“Юзаф Пучынскі быў беларускім нацыянальным мастаком, мастаком клясычнага беларускага мастацтва. Ён цікавіўся і беларускай гісторыяй, і беларускімі краявідамі, зь ім заўсёды было цікава гутарыць. Гэта проста была асоба”.

Грунтоўная адукаванасьць уразіла ў асобе спадара Юзафа і школьніка зь Мёршчыны Валодзю, які шукаў Пучынскіх па ўсёй Беларусі. А сталага мастака, у сваю чаргу, уразіў юны хлопец, з такім жа прозьвішчам, як і ў яго, які апантана складаў радаводы Пучынскіх. Іх знаёмства перарасло ў шчырае сяброўства. Гаворыць журналіст “Краязнаўчай газэты” Ўладзімер Пучынскі:

“На аднаго Пучынскага стала меней — на аднаго добрага Пучынскага”.

Юзаф Пучынскі пахаваны на могілках у Чыкага. У яго засталіся жонка Аляксандра, сын Уладзімер і ўнучкі Жэня, Ліда і Ірына.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG