На гэтыя пытаньні адказвае галоўны рэдактар газэты “Наша Ніва” Андрэй Дынько
Бяда заўжды прыходзіць нечакана. Прадказаць пагрозы дзяржаўнасьці ў краіне, дзе няма прадказальных дзяржаўных інстытуцыяў, вельмі цяжка
Цыганкоў: “Напярэдадні сёньняшняга візыту Уладзімера Пуціна ў Менск палітыкі і экспэрты падзяліліся на дзьве групы. Адныя непакояцца, што прыезд расейскага прэзыдэнта нясе нейкую пагрозу беларускай дзяржаўнасьці, можа азначаць наступ на беларускую палітычную і энэргетычную незалежнасьць. Іншыя кажуць, што нічога дрэннага ня можа адбыцца, бо для гэтага няма ніякіх падставаў. Якая ваша пазыцыя?”
Дынько: “Бяда заўжды прыходзіць нечакана. Прадказаць пагрозы дзяржаўнасьці ў краіне, дзе няма прадказальных дзяржаўных інстытуцыяў, вельмі цяжка. Найбольшая пагроза ідзе ад таго, што беларуская дзяржаўнасьць падмацаваная не інстытуцыямі, не культурай, не грамадзянскай супольнасьцю, а ўсяго толькі рэжымам, завязаным на аднаго чалавека. Пакуль усе нітачкі вядуць да аднаго чалавека, то ясна, да каго зьвяртацца тым, хто хоча гэтую незалежнасьць адабраць.
З іншага боку, а што мы можам зрабіць, каб прадухіліць такія пагрозы? І тут ніякіх цудадзейных формулаў няма. Пагроза незалежнасьці будзе датуль, дакуль у Беларусі мала людзей будзе размаўляць па-беларуску, дакуль людзі не купляюць кніг і газэтаў, дакуль няма ў краіне дэмакратыі, а сілавыя структуры блытаюць, на якую краіну яны працуюць”.
Цыганкоў: “Але калі сыходзіць з такіх дастаткова максымалісцкіх падыходаў, то пагроза незалежнасьці сапраўды будзе заўсёды, бо няма дасканалых дзяржаваў, нацыянальных супольнасьцяў, дзе не было б хібаў, дзе ўсе чыталі б кнігі..”
Ніводнай з краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якія ўступілі ў Эўразьвяз і НАТО, нічога не пагражае
Дынько: “Гэта не зусім так. Ніводнай з краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якія ўступілі ў Эўразьвяз і НАТО, нічога не пагражае. Пагроза для нас сыходзіць канкрэтна ад тых пагадненьняў, якія былі заключаныя з Расеяй у 90-я гады – аб “саюзе”, “супольнасьці”, “саюзнай дзяржаве”. Гэтыя дакумэнты падвялі законны грунт пад ліквідацыю беларускай дзяржаўнасьці, якая можа адбыцца ў любы момант, пакуль яны існуюць. Як толькі Беларусь выйдзе з гэтых пагадненьняў, і далучыцца да сям’і эўрапейскіх нацыяў, то адразу яна апынецца пад абарончым парасонам”.