Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У апошні дзень У.Пуцін прапануе пэўныя саступкі па цане на газ


Радыё Свабода 31 сьнежня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін літаральна на апошняй хвіліне зрабіў Украіне прапанову што да ўмоваў паставак газу ў будучым годзе.

У сваёй прамове на паседжаньні Рады бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімер Пуцін сказаў, што ён загадаў "Газпрому" забясьпечваць Украіну газам па цяперашніх коштах (50 даляраў) цягам першага кварталу 2006 году ў выпадку, калі Кіеў неадкладна пагодзіцца плаціць за газ па новых цэнах (230 даляраў), пачынаючы з красавіка будучага году.

Кіеў мае магчымасьць да канца сёньняшняга дня адказаць на гэтую прапанову. Нагадаем, што "Газпром" папярэдзіў Украіну аб адключэньні газу з 10 гадзінаў раніцы 1 студзеня, калі да канца сёньняшнага дня ня будзе падпісаная дамова аб пастаўках газу па новых цэнах.

Нагадаем, "Газпром" настойвае на тым, каб з новага году Кіеў плаціў 230 даляраў за тысячу кубічных мэтраў газу, у той час, як у 2005 годзе кошт тысячы кубічных мэтраў газу для Ўкраіны складаў 50 даляраў.

Кіеў настойвае на тым, каб падвышэньне цаны было паступовым.

У інтэрвію ўкраінскаму тэлебачаньню прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка паставіў пад пытаньне такое рэзкае павышэньне цаны.

(Юшчанка: ) "Чаму Ўкраіна павінна плаціць 230 даляраў? Чаму Прыбалтыка павінна плаціць 120 даляраў, Беларусь – 47 даляраў, Турэччына – 100 даляраў, Каўказ – 100-110 даляраў? Чаму Ўкраіна, якая знаходзіцца бліжэй за ўсё да Расеі, а значыць адлегласьць для транспартыроўкі газу самая кароткая, павінна плаціць 230 даляраў?"

Украінскі прэзыдэнт таксама дадаў: "Няма патрэбы выстаўляць нам ультыматумы, няма патрэбы дэманстраваць эканамічны і палітычны ўціск". Упершыню Віктар Юшчанка прызнаў, што канфлікт на яго думку, мае і палітычны падтэкст:

(Юшчанка: ) "Я думаю, гэта ўсё зьвязана з парлямэнцкімі выбарамі, якія маюць адбыцца ва Ўкраіне".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG