Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістаў “Зубра” адпусьцілі пад падпіску пра нявыезд


Радыё Свабода Актывістаў моладзевага руху “Зубр” Аляксандра Казакова і Зьмітра Зубра адпусьцілі пад падпіску пра нявыезд. Пракуратура Цэнтральнага раёну Менску пачала супраць іх крымінальную справу. Хлопцаў падазраюць у супраціве міліцыянтам у часе затрыманьня.

У пракуратуры Цэнтральнага раёну з Аляксандра Казакова і Зьмітра Зубра ўзялі падпіску пра нявыезд. Нагадаем: ноччу з 28 на 29 сьнежня хлопцаў затрымалі ў Цэнтральным раёне сталіцы адразу пасьля таго, як яны зрабілі надпісы палітычнага зьместу на сьценах будынку суду. Міліцыянты склалі пратакол за дробнае хуліганства.

Судзьдзя Аляксей Бычко адмовіўся разглядаць адміністрацыйны пратакол і параіў міліцыянтам распачаць крымінальную справу. Паводле беларускага заканадаўства за графіці прадугледжана крымінальная адказнасьць. Хлопцаў адвезьлі спачатку ў пракуратуру, а потым у ізалятар часовага ўтрыманьня.

Сёньня скончыўся тэрмін утрыманьня пад вартай без прад’яўленьня абвінавачаньня. Пракурор Цэнтральнага раёну Менску Аляксандар Хадатовіч прыняў рашэньне адпусьціць студэнтаў Аляксандра Казакова і Зьмітра Зубра да канца сьледзтва пад падпіску пра нявыезд. Радыё Свабода пракурор паведаміў, што Новы год студэнты могуць правесьці дома са сваімі бацькамі ў Барысаве. Аляксандар Казакоў, як толькі выйшаў на волю, распавёў, што ніякага супраціву міліцыянтам зь іх боку не было. Ён упэўнены, што ўлады папросту вырашылі не ўжываць палітычны артыкул.

(Казакоў: ) “Першую ноч мы правялі ў РУУС. Там нас не кармілі. Потым нас адвезьлі ў суд, а адтуль у ІВС. Там добра кармілі, але мне стала кепска, і нават выклікалі хуткую дапамогу. НЦД называецца — гэта рэакцыя арганізму на стрэс. Нас абвінавачваюць у супраціве міліцыянтам, бо ня хочуць ужываць палітычны артыкул. Першае, што я зараз зраблю, пайду дахаты і супакою сваіх бацькоў, асабліва маці”.

На наступным тыдні Аляксандру Казакову і Зьмітру Зубру мусяць прад’явіць абвінавачаньне. Калі ў судзе дакажуць, што хлопцы супраціўляліся міліцыянтам у часе затрыманьня, то яны могуць апынуцца за кратамі на тэрмін да двух гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG