Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі Андрэя Місюры пацьвердзілі, што ён некалькі гадоў таму прыняў іслам


Алег Грузьдзіловіч, Менск Менчук Андрэй Місюра, які нібыта быў інструктарам Аль-Каеды па хімічнай зброі, сапраўды некалькі гадоў таму прыняў іслам. Бацькі Андрэя Місюры расказалі пра свайго сына карэспандэнту Радыё Свабода.

Цяпер ўжо і бацькі Андрэя Місюры не сумняюцца, што затрыманы ў Гішпаніі нібыта “баявік” Аль-Каеды па прозьвішчу Амін аль-Ансары – іх сын Андрэй. Гэта стала зразумела пасьля таго, як гішпанскія газэты зьмясьцілі зьняты ў турме фотаздымак чалавека, якога падазраюць ў сувязях з тэрарыстычнай арганізацыяй. Добра бачна, што чалавек на гэтым фотаздымку і былы студэнт геаграфічнага факультэту БДУ Андрэй Місюра – адна асоба.

“Відаць, гэта ён, але я ня веру, што наш Андрэй зьвязаўся з баевікамі і рыхтаваў тэракты”, – сказала мне маці Андрэя Раіса Місюра. Нашая размова адбывалася ўчора, 29 сьнежня.

(Раіса Місюра: ) “Я ня веру і ніколі ў жыцьці ў гэта не паверу. Вось толькі сёньня я атрымала ад яго ліст. Адзінае, што непакоіць ягоны настрой. Ён піша, як цяжка ў гэтым сьвеце жыць нармальнаму чалавеку. Што квітнеюць мафіёзі, квітнеюць тыя, хто багацее з дапамогай наркотыкаў, а паліцыя на іх не зьвяртае ўвагі, бо грошы ад наркотыкаў павялічваюць і бюджэт. А Андрэй піша, як цяжка прабіцца ў гэтым жыцьці звычайным людзям”.

Паводле Раісы Місюры, свой ліст сын адаслаў 6 сьнежня, а пра ягоны арышт стала вядома 20 сьнежня. Такім чынам ліст быў напісаны яшчэ да затрыманьня. Пра тое, дзе ён жыве і чым займаецца, сын не напісаў, кажа Раіса Місюра. З ранейшых тэлефонных размоваў маці ведала, што ён ня мае сталай працы, жыве нелегальна, падрабляе ў гандляра тканінай. Нібыта, Андрэй Місюра спрабаваў атрымаць від на жыхарства, але не ўдалося.

Што прывяло Андрэя Місюру ў Гішпанію? Маці кажа, што ў школе сына называлі вундэркіндам: ужо малым перачытаў і ведаў усю дзіцячую энцыкляпэдыю. На геаграфічным факультэце БДУ вучыўся вельмі старанна. “Яму б быць нашым Мікалаем Драздовым”, – маці параўноўвае сына з папулярным тэлевядучым праграмы “У сьвеце жывёл”. Але далейшы лёс Андрэя Місюры ня склаўся: патрапіў у школу на практыку і пасьля гэтага зарокся працаваць пэдагогам.

(Раіса Місюра: ) “Калі пайшоў у гэты кляс, там на галовах хадзілі, ніхто яго ня слухаў, нікому ягоныя веды не былі патрэбныя. Ён пасьля гэтай школы плакаў і казаў, што ніколі ня будзе настаўнікам. Потым спрабаваў уладкавацца на аўтазавод у зьнешнеэканамічны аддзел, у рэкляму, але яго ня бралі, казалі, няма досьведу. Тузаўся, тузаўся ды зьехаў за мяжу, бо не аказаўся патрэбным на радзіме”.

Ці сапраўды Андрэй Місюра прыняў іслам? Бацькі згадалі, што ва ўнівэрсытэце Андрэя пазнаёміў з ісламам нейкі выкладчык, сын захапіўся Каранам і ў 1999 годзе абвясьціў, што прыняў іслам. Называў мусульманства справядлівай і мірнай рэлігіяй, казаў, што сапраўдны мусульманін нікому ня зробіць дрэнна.

Гішпанскія ўлады, паводле замежных мэдыяў, падазраюць Андрэя Місюру ў тым, што нібыта ён быў інструктарам баевікоў у абыходжаньні з хімічнай зброяй. У гэта маці Андрэя ня верыць. Паводле яе, з хіміяй у сына былі складаныя адносіны.

(Раіса Місюра: ) “ Калі мы прачыталі гэтыя публікацыі, ягоны аднаклясьнік, Корзун Дзіма, сказаў, што гэта лухта. Кажа: якая лухта, ён ніколі хіміі ня ведаў, у мяне заўсёды сьпісваў!”

Маці Андрэя Місюры сказала, што, на жаль, ня ведае тэлефона сябра свайго сына.

Паводле гішпанскай паліцыі Андрэй Місюра прайшоў баявую падрыхтоўку ў Пакістане і Азэрбайджане, а таксама быў у Чачэніі. Бацькі Андрэя ня ведаюць, каб ён езьдзіў у якую з гэтых краінаў, акрамя Азэрбайджана. “Так, ён быў там некалькі гадоў таму, гасьцяваў у сяброў”, – згадаў бацька Андрэя Аляксей Місюра.

Андрэю Місюру 30 гадоў, ён нарадзіўся ў Менску, скончыў геафак БДУ, на вайсковай катэдры спэцыялізаваўся ў хімічных войсках. Аднак ў міністэрстве абароны заявілі, што Андрэй Місюра ніколі не служыў паводле гэтай спэцыяльнасьці ў беларускім войску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG