Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Гомелі ідзе збор подпісаў?


Радыё Свабода, Гомель 740 жыхароў Гомельскай вобласьці ўвайшлі ў ініцыятыўную групу Аляксандра Мілінкевіча па збору подпісаў за вылучэньне яго ад аб’яднанай апазыцыі кандыдатам у прэзыдэнты. Ужо апоўдні ў Гомелі першыя зборшчыкі подпісаў накіраваліся да выбарцаў.

У шматпавярховым доме №14 на вуліцы Палескай сябра ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча Андрэй Толчын гутарыць з выбарцамі:

(Толчын: ) "Мы – з групы падтрымкі Аляксандра Мілінкевіча. Гэта адзіны кандыдат ад апазыцыі. Мы зьбіраем подпісы. Трэба ня меней, як 100 тысячаў подпісаў, каб ён мог балятавацца кандыдатам у прэзыдэнты. Мілінкевіч!"

(Першая жанчына: ) "А я з сама ня ведаю каму аддаць перавагу. Нам усе аднолькавы – было б нам добра".

(Другая жанчына: ) "Канечне, хочацца пераменаў. У лепшы бок!"

(Малады мужчына: ) "Трэба, каб было шмат кандыдатаў, таму і падпісваюся. Канкурэнцыя павінна быць. Так цікавей. Паслухаем перадвыбарчыя праграмы..."

(Трэцяя жанчына: ) "Заробак наш павінен зьмяніцца! Добрым заробак павінен быць. І за камуналку, каб меней нам плаціць".

(Мужчына паважанага ўзросту: ) "Мы ня верым ніякай уладзе. Я за сябе скажу. Разумееце, міліцыянэр мяне стукнуў, у мяне траўма галавы была. Ніхто мне групу інваліднасьці ня даў. Тры з палавінай гады лячылі, а потым кажуць, што ня тымі лекамі мяне лячылі. Але я ж зьвяртаўся да ўладаў. Праўда, марна зьвяртацца. Усё нібыта закадзіравана супраць народу. Разумееце? Памятаеце, як Лукашэнка абяцаў: "я вам вярну вашы ўклады?!"

(Зборшчык подпісаў: ) "І вярнуў?"

(Мужчына паважанага ўзросту: ) "Нічога ён не вярнуў. Піпіпкай тут ці не, нічога ён не вярнуў".

Ня ўсё людзі, да каго зьвярталіся сябры ініцыятыўный групы, паставілі свае подпісы ў падтрымку Мілінкевіча.

Адна з пэнсіянэрак сказала, што яна хоча галасаваць за Лукашэнку. Некаторыя сьцьвярджалі, што ў палітычных гульнях удзельнічаць наогул ня хочуць. але прыкладна палова людзей, да каго зьвярталіся сябры каманды Мілінкевіча, ставілі за яго свой подпіс.

Гаворыць зборшчык подпісаў Андрэй:

(Андрэй: ) "Людзі рэагуюць па-рознаму, але, тым ня менш, ставяцца добра да зборшчыкаў подпісаў. Я ня бачыў такой грубасьці, якая была раней. Падаецца, што людзі разумеюць: жыць дрэнна, і трэба нешта мяняць".

Яшчэ адна зборшчыца подпісаў, Кацярына Гаравая, таксама падзялілася сваімі ўражаньнямі ад першага дня падпісной кампаніі:

(Гаравая: ) "Я лічу, што збор подпісаў будзе вельмі цяжкім. Калі мы пагутарылі ў адной кватэры з дзьвюма жанчынамі, я зразумела, што яны добра ставяцца да мажлівасьці пераменаў, да таго, каб жыцьцё іх зьмянілася ў лепшы бок. Аднак подпісы свае яны ставіць баяцца. Баяцца нейкіх наступстваў з боку ўладаў, уціску на працы ці таго, што нехта пра гэта даведаецца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG