Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праблема двухмоўнасьці – як фіны вырашылі гэтую праблему


Радыё Свабода У бальшыні краінаў сьвету моўная праблема звычайна носіць востры, канфліктны характар. Так, у Гішпаніі баскі змагаюцца за свае моўныя правы з гішпанцамі, флямандцы ў Бэльгіі – з валёнамі, франкамоўныя жыхары Квэбэку супрацьпастаўляюць сябе астатняй Канадзе. На гэтым фоне выключэньнем выглядае Фінляндыя, дзе робіцца ўсё магчымае, каб 260 тысячаў швэдзкамоўных грамадзянаў пачувалі сябе як мага больш утульна. З падрабязнасьцямі – паводле матэрыялаў газэты International Herald Tribune – Сяргей Шупа.

Як толькі Фінляндыя абвясьціла сваю незалежнасьць ад Расеі ў 1917 годзе, швэдзкамоўным, якія на той час і так дамінавалі ў жыцьці краіны, былі гарантаваныя канстытуцыяй роўныя культурныя, адукацыйныя і сацыяльныя правы. Гэта быў жэст ветлівасьці і прагматызму – фіны проста заплюшчылі вочы на тое, што Швэцыя на працягу пяці стагодзьдзяў мела кантроль над Фінляндыяй і прыцясьняла фінскую мову, якую швэды лічылі таямнічай і бескультурнай.

Вынікам стала тое, што ў Фінляндыі цяпер жыве найбольш расьпешчаная ў сьвеце меншасьць – швэдзкамоўныя фіны. І хоць іх доля ў насельніцтве краіны за апошнія 120 гадоў скарацілася ад 14 да 5 працэнтаў, іх правы надалей застаюцца недатыкальныя.

Фінляндыя мае дзьве афіцыйныя мовы – фінскую і швэдзкую. Перавага адной мовы над другой залежыць ад моўных прапорцыяў насельніцтва ў канкрэтным месцы. З 432 муніцыпалітэтаў краіны швэдзкамоўныя складаюць 4 працэнты, 10 працэнтаў – дзьвюхмоўныя, зь іх у палове пераважае швэдзкая, а ў палове – фінская мова. У швэдзкамоўных мясцовасьцях урад забясьпечвае функцыянаваньне швэдзкіх школаў, дзіцячых садкоў, мэдычных установаў, газэт, тэле– і радыёпраграмаў. Шыльды пішуцца на абедзьвюх мовах.

Швэдзкамоўныя маюць сваю палітычную партыю, прадстаўленую ва ўрадзе. У межах швэдзкамоўных і дзьвюхмоўных мясцовасьцяў яны маюць права патрабаваць, каб зь імі гаварылі па-швэдзку ў судзе і ў іншых дзяржаўных установах. Усе афіцыйныя дакумэнты мусяць мець швэдзкі пераклад.

Апошнім часам, аднак, фінскамоўная бальшыня спрабуе дамагчыся зьменаў лінгвістычнай сытуацыі. Існуе арганізацыя “Фінскі Альянс”, якая змагаецца за захаваньне статусу адзінай дзяржаўнай толькі за фінскай мовай. Яны лічаць шырокія прывілеі швэдзкамоўнай супольнасьці перажыткам мінуўшчыны. Асабліва шмат незадавальненьня выклікае абавязковае выкладаньне швэдзкай мовы ў фінскіх школах. Сёлета пад ціскам школьнікаў фінскі ўрад быў вымушаны адмяніць надзвычай складаны выпускны экзамэн швэдзкай мовы ў фінскіх школах.

Былы сьпікер фінскага парлямэнту Рыта Уосукайнэн лічыць, што некаторыя пункты цяперашняга моўнага заканадаўства – гэта відавочны перабор. “Мы не зьбіраемся пазбаўляць швэдзкамоўных іхных правоў, – кажа яна. – Яны гарантаваныя канстытуцыяй, і мы гэтым ганарымся. Але ня трэба прымушаць фінскамоўных грамадзянаў вучыць швэдзкую мову. Фінскамоўныя таксама маюць свае правы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG