Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч пра колеры і прыярытэты сваёй кампаніі


Валер Каліноўскі, Менск Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч сёньня скептычна выказаўся пра заклікі шэрагу палітыкаў да байкоту прэзыдэнцкіх выбараў і распавёў пра свае прыярытэты ў выбарчай кампаніі.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі з нагоды рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы Аляксандар Мілінкевіч заслаў стол, за якім сядзеў, ільняной тканінай цёмна-сіняга колеру і лягатыпам кампаніі. Гэта ня “джынс”, паведаміў спадар Мілінкевіч, але блізкі да яго колер, які можа спалучацца і з сымболікай моладзевых мабілізацыйных кампаніяў.

(Мілінкевіч: ) “Гэта яшчэ ня колер кампаніі. Але гэта колер упэўненасьці, годнасьці, і я лічу, што ён адпавядае дэмакратычным сілам”.

Аляксандар Мілінкевіч выказаў расчараваньне, што ў выбарчую кампанію паралельна ўвайшлі некалькі апазыцыйных кандыдатаў, і выказаў спадзеў, што ўдасца аб’яднацца яшчэ да канца збору подпісаў:

(Мілінкевіч: ) “У нашым выпадку выбары ня ёсьць задавальненьнем асабістых амбіцыяў. Выбары — гэта змаганьне за Беларусь. І гэтыя паралельныя кампаніі шкодзяць асноўнай. Не таму, што хтосьці кудысьці забірае людзей. Галоўная праблема ў тым, што грамадзтва зьняверанае, апалітычнае, і калі мы прыходзім з многімі, гэта сьведчыць, што мы самі няўпэўненыя”.

Выказаў Аляксандар Мілінкевіч і сваю ацэнку заклікаў да байкоту выбараў, якія прагучалі з вуснаў шэрагу апазыцыйных палітыкаў:

(Мілінкевіч: ) “Лёгка заклікаць да байкоту, калі за табой зусім не стаяць людзі. Уявіце сабе, што кааліцыя, якая стваралася два гады, упэўнівала і сябе, і сваіх актывістаў, і людзей, што ў нас ёсьць сілы, што мы можам, што мы пераможам. І раптам, калі зьмянілі дату выбараў, мы скажам: ах, ня тое, ці нам забараняюць гаварыць праўду — і мы спужаліся. Проста мы назаўсёды заб’ем шанец і веру. Таму на гэтым этапе, я лічу, што пра байкот гаварыць шкодна”.

Пры гэтым спадар Мілінкевіч зазначыў, што байкот ня выключаны ў прынцыпе, але гэта залежыць ад далейшага разьвіцьця падзеяў. Палітык лічыць, што аб’яднаная апазыцыя мае шанец на перамогу, а ўлада будзе рабіць больш і больш памылак:

(Мілінкевіч: ) “Улада слабейшая за нас, яна ня верыць сама ў сябе, і толькі таму, што за намі праўда гісторыі: ніколі дыктатуры не жывуць вечна. Яны прайграюць гэтую барацьбу, а мы павінны зрабіць усё, каб яны прайгралі 19 сакавіка”.

Аляксандар Мілінкевіч перакананы, што пасьля сёлетняга Кангрэсу дэмакратычныя сілы Беларусі перахапілі ва ўлады ініцыятыву, пачалі дыктаваць тэмп разьвіцьця падзеяў. Апошнім часам пачаў істотна расьці рэйтынг кандыдата аб’яднанай апазыцыі, які ў пачатку сьнежня згодна са зьвесткамі Інстытуту Гэлапа складаў 18%.

Акрамя таго, Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што як патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта ён выступае супраць сыстэмы прымусовага разьмеркаваньня выпускнікоў ВНУ, за паступовую беларусізацыю, а таксама, што лёс А.Лукашэнкі ў выпадку ягонай перамогі павінны вырашаць дэмакратычныя інстытуты — пракуратура і суд.

Зьнешнія спасылкі: • Афіцыйны сайт А.Мілінкевіча
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG