Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталіцкі сьвятар вымушаны пакінуць межы Беларусі


Міхал Стэльмак, Менск Барысаўцы разьвіталіся з былым пробашчам мясцовай каталіцкай парафіі Р.Кшывіцкім, якога ўлады выдаляюць зь Беларусі. Каталіцкаму сьвятару, які зьяўляецца грамадзянінам Польшчы, адмовілі ў падаўжэньнi беларускай вiзы на 2006 год. Айцец Робэрт, які працаваў у Беларусі больш як дзесяць гадоў, сёньня зьяжджае з краіны.

Праводзілі айца Робэрта вернікі барысаўскай каталіцкай парафіі і прадстаўнікі мясцовай грамадзкасьці. Паводле іх, сьвятар пакідае па сабе ў Барысаве добрую памяць. Гаворыць парафіянка Алена Аўтушка:

(Аўтушка: ) “Парафія апошні час вельмі павялічылася. У некалькі разоў — за гады, што працаваў тут айцец Робэрт. Калі раней было тут некалькі дзясяткаў чалавек, то цяпер стала ўжо некалькі соцень, а то й тысяч. Яго перасьледавалі найперш з-за моладзевай групы, якую ён змог праз Інтэрнэт зьяднаць і скіраваць ў станоўчае рэчышча. Ён абмяркоўваў зь імі тэмы жыцьцёвыя, важныя. Ён даў ім адчуць, што яны таксама важныя для яго”.

Айцец Робэрт пакідае Беларусь без афіцыйных тлумачэньняў беларускіх уладаў, якія адмовілі ў падаўжэньні візы.

Нягледзячы на шырокі розгалас у Барысаве, ухіляецца ад такіх тлумачэньняў і мясцовы гарвыканкам. Гаворыць кіраўніца ідэалягічнага аддзелу Людміла Гарнак:

(Гарнак: ) “У нас няма ніякай інфармацыі: будзе яму падоўжана ці не. У аддзел ідэалёгіі такая інфармацыя не паступае”.

Між тым, паводле неафіцыйных зьвестак, якія паступаюць да айца Робэрта, ён стаў ахвярай палітычнага перасьледу:

(а. Робэрт: ) “Сказалі іншым сьвятарам: паглядзіце, што робіць Кшывіцкі, дае інтэрвію налева і направа. Я насамрэч даваў шмат інтэрвію. Бываў на мітынгах. Вітаўся тут на мітынгах у Барысаве з генэралам Фраловым, Шушкевічам, Лябедзькам і г.д. Сярод маіх парафіянаў вельмі шмат палітыкаў з Барысава”.

Барысаўскі палітыкі Зьміцер Бародка і Марына Статкевіч, а таксама прадпрымальнік Антон Лясьнеўскі ініцыявалі кампанію збору подпісаў на знак салідарнасьці з айцом Робэртам. “Мы абураныя тым фактам, што з надуманай падставы беларускіх грамадзянаў пазбаўляюць магчымасьці ажыцьцяўляць сваё права на свабоду рэлігійных перакананьняў”, — гаворыцца ў падпісных лістах, якія мяркуецца перадаць ва ўладныя структуры. Паводле спадара Бародкі, ужо сабрана больш за тысячу подпісаў:

(Бародка: ) “Подпісы зьбіраюць ня толькі пры барысаўскай парафіі, а і ў Менску, Жодзіне, Магілёве, Салігорску, Вялейцы, Бялынічах і яшчэ шмат якіх гарадах. То бок, гэта кампанія ня толькі сярод каталікоў, а і сярод усіх неабыякавых людзей. Людзі сапраўды выказваюць сваю салідарнасць з айцом Робэртам. Яны наагул выступаюць супраць такой зьявы, калі сьвятароў выганяюць за іх вальнадумства. Парафіяне прынесьлі айцу Робэрту кветкі, “зуброўская” моладзь падарыла джынсавую куртку. Тут жа ў касьцёле айцец Робэрт яе апрануў — таксама як сымбаль салідарнасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG