Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У адказ на газаправод па Балтыйскім моры павінна быць патрабаваньне эвакуацыі вайсковых баз Расеі з Баранавічаў і Вілейкі!”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў – 27 сьнежня. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Спадар:) “Калі вы глядзіце беларускае тэлебачаньне, то вы бачылі, які наганяй даваў Лукашэнка нашаму чынавенству за тое, што яны не ўважліва адносяцца да інтарэсаў простых беларусаў. Ён адзначаў, што зь цягам часу кожны можа стаць пэнсіянэрам, і тады ён успрыме на сябе ўсе гэтыя мытарствы, якія ўспрымаюць сёньняшнія пэнсіянэры. У гэтай сувязі хачу запытацца ў нашага паважанага Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, якога вы так ня любіце.

Паважаны Аляксандар Рыгоравіч, ці ведаеце вы, што ў былога кіраўніка дзяржавы на сёньняшні дзень пэнсія складае паўтара даляра? Аднойчы па тэлебачаньню я бачыў, што ў адказ на пытаньне, чым вы зьбіраецеся заняцца ў тым выпадку, калі вас не выберуць прэзыдэнтам, вы сказалі, што пойдзеце на пэнсію, бо нічым іншым займацца ня будзеце. Дык маё пытаньне такое: Аляксандар Рыгоравіч, вы таксама сабе пакладзяце пэнсію ў паўтара даляра?”

(Спадар:) “Расея – гэта наша карова, і даіць яе будзем мы”, – падумаў прэзыдэнт РБ пасьля таго, як Расея падняла кошт газу для Ўкраіны ў чатыры разы ў параўнаньні зь Беларусьсю”.

(Сьцёпка Сьмелы:) “Людзі, мае добрыя людзі! Нашы браты і сёстры! Узгадаем нашу былую пакутніцу за праўду і свабоду Ларысу Геніюш і яе вечныя жывыя і простыя да нас словы:

Веру, братцы: людзьмі станем, Хутка скончым мы свой сон, На сьвет божы шырэй глянем, Век напіша нам закон.

Вось-вось, як раз падыходзіць час той, калі мы ўсе павінны быць на выбарах і сьмела закрэсьліць тое прозьвішча, якое нам непатрэбнае”

(Спадарыня, Ліда) “Хачу нагадаць вам, як вы хораша правялі віншаваньне ўсіх людзей па Радыё Свабода. Я такога ня чула! Вось паслухала, і так добра, прыемна стала. Дзякую за вашае віншаваньне ўсіх людзей.

Яшчэ хачу сказаць, што Пазьняк Зянон Станіслававіч хоць і за мяжой жыве, але ён увесь час абараняе сваю і нашу Рэспубліку Беларусь. І ён мусіць быць прэзыдэнтам! Ня маюць права яго адганяць”.

(Спадар:) “Добрай раніцы, паважаныя сябры! Зараз слухаю перадачу пра рэгістрацыю кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. У гэтым кантэксьце пытаньне ўсім прэтэндэнтам: Як зрабіць падлік, падкрэсьліваю, менавіта падлік, галасоў выбарцаў празрыстым і чэсным? Як пазьбегнуць той брыдоты, якая забясьпечвае элегантныя перамогі?”

(Спадар:) “Я наконт выступленьня Лукашэнкі, у якім ён заявіў, што пачынаецца кампанія “ператрахваньня” кадраў, зьмена, замена і г.д. Хачу сказаць, што ад зьмены складаемых сума не зьмяняецца. Што заўгодна рабі з кадрамі, але калі яны тупыя і бяздарныя, то такімі яны і застануцца. Расьціць трэба кадры! І займацца трэба імі штодзённа!

А замены, што ён прызначыў, двух гэтых людзей падвысіў ён. І што? Ніхто першы беларускі канал і СТВ сталічнае не глядзіць! Хай назавуць хоць адну праграму, якую б людзі чакалі, якую б з задавальненьнем глядзелі! Няма! Бязглузьдзіца нейкая!”

(Спадар:) “На пачатку сьнежня на рускамоўнай Радыё Свабодзе была перадача, прысьвечаная Беларусі. У перадачы таксама ў прамым эфіры ўдзельнічалі радыёслухачы Расеі. Перадача была прысьвечаная саюзу Беларусі і Расеі. Нехта выказваўся пазытыўны, нехта адмоўна. Адна радыёслухачка патэлефанавала і сказала, што Беларусі пашэнціла, што Беларусь узначальвае такі прэзыдэнт як прэзыдэнт Лукашэнка. Гэта сумленны, прыстойны палітык, які не дазволіў абрабаваць дзяржаву, у Беларусі няма алігархаў і г.д. Гэты званок карэспандэнт Радыё Свабоды папрасіў пракамэнтаваць журналістку Ірыну Халіп, якая ўдзельнічала ў абмеркаваньні дадзенай тэмы зь беларускага боку. І Ірына Халіп выдала: “Усё гэта няпраўда! У Беларусі ёсьць адзін алігарх – гэта прэзыдэнт Лукашэнка. За мяжой ён мае мільёны даляраў, і хутка гэтыя мільёны даляраў знойдуць амэрыканцы”. Адразу узьнікае законнае пытаньне. Мільёны даляраў на пасадзе прэзыдэнта зарабіць нельга, значыць іх можна толькі ўкрасьці. Але да цяперашняга часу мільёны гэтыя не знайшлі, які б размовы не хадзілі. Улічваючы як “любяць” Лукашэнку за мяжой, то калі б былі ягоныя рахункі ў эўрапейскіх банках, то адразу б было б дакладзена. Як расцэньваць з прыняцьцем новага закону дзеяньні гэтай, выбачайце за словы, пісакі Ірыны Халіп? Мяркую, што яна на 100 адсоткаў падыходзіць пад гэты закон! І калі дзяржава нашая і сам Лукашэнка мае хоць трохі пачуцьця ўласнай годнасьці, то прыйшоў час даць гэтай журналістцы па руках!”

(Спадар:) “Вы пытаеце, якая знамянальная падзея адбылася для мяне ў гэтым годзе. Лічу, што такой знамянальнай падзеяй са знакамі мінус зьвілася рашэньне Расеі пракласьці газаправод па Балтыйскаму мору ў абход славянскіх краінаў з варожай мэтай. Гэты ўчынак выкрывае сапраўднае аблічча Расеі. Таму ў адказ павінна быць патрабаваньне эвакуацыі вайсковых баз Расеі з Баранавічаў і Вілейкі!”

(Спадар:) “Прызначаны выбары. У гэтым разе прэзыдэнт павінен сысьці ў адстаўку! Я ўжо некалькі разоў гаварыў пра гэта, але мяне не перадалі. Трэба напісаць скаргу, пазоў прад’явіць у Вярхоўны суд, каб Вярхоўны суд вырашыў, адправіць яго ў адстаўку ці не, каб датэрмінова выбары былі”.

(Валянцін Мацкевіч:) “У адной зь нядаўніх перадачаў “Паштовая скрынка 111”спадар Жданко адказаў адной слухачцы, што сёньня ў Беларусі чалавек, маючы здольнасьці, можа знайсьці працу з заробкам у 200-300 даляраў. І прывёў прыклад працы на рынках.

Журналіст памыляецца. Прыблізна такая ж пазыцыя ў сёньняшняй улады. Малыя заробкі ці адсутнасьць працы для палітыкі – гэта не пытаньне здольнасьцяў, а пытаньне наяўнасьці і стварэньня працоўных месцаў з адпаведнымі заробкамі. Калі б усе сёньня прыйшлі шукаць працу на рынках і у крамах, што многія і робяць, для ўсіх месца ня хопіць. Ня кожны настаўнік, інжынэр, фізык, хімік мае схільнасьці гандляваць. Ды і дзе ж тады ўзяць пакупнікоў, якім трэба рэалізаваць тавар? Як раз і ў тым пытаньне, што на многіх заводах, у сельскай гаспадарцы людзі ня маюць тых заробкаў і не хапае такіх працоўных месцаў. Таму што патрэбна ствараць масавую канкурэнтназдольную вытворчасьць. І патрэбна палітыка на стварэньне высокааплатных працоўных месцаў у сфэры вытворчасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG