Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Расея трактуе Беларусь як свой вайсковы і палітычны пляцдарм”


Тацяна Поклад, Вільня Чым быў адметны 2005 год для Беларусі і на што можна спадзявацца ў наступным годзе? На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказаў адзін зь вядомых і аўтарытэтных палітолягаў у Літве, доктар сацыяльных навук Лаўрас Белініс, які заўсёды сочыць за беларускімі падзеямі.

Сталыя слухачы беларускай “Свабоды” магчыма памятаюць камэнтары Лаўраса Белініса што да сытуацыі ў Беларусі і літоўска-беларускіх дачыненьняў. Для Л.Белініса Беларусь блізкая і цікавая ня толькі як для навукоўца – ён сам паходзіць з памежнага зь Беларусьсю Салечніцкага раёну. Л.Белініс працуе ў Інстытуце міжнародных дачыненьняў і паліталёгіі пры Віленскім унівэрсытэце, ён – галоўны рэдактар літоўскага часопіса “Паліталёгія” і дырэктар Беларускага інстытуту, незалежнай арганізацыі, якая займаецца навуковай і выдавецкай дзейнасьцю. У ліку іншага, Беларускі інстытут выдае штогадовыя зборнікі аналітычных матэрыялаў па разьвіцьцю сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусь – “Беларускі гадавік”.

(Белініс: ) “Я думаю, што 2005 год адметны для Беларусі ў палітычным сэнсе тым, што дэмакратычная апазыцыя здолела знайсьці агульную мову. Розныя накірункі, розныя прэтэндэнты на лідэрства аб''ядналіся з тым, каб вылучыць адзінага кандыдата на будучыя прэзыдэнцкія выбары.

Не хацелася б цяпер гаварыць пра дрэннае ў выніках гэтага году. Пра кепскае заўсёды можна сказаць. Цяпер лепш прыгадаць, што ў Беларусі жывуць нармальныя людзі – так, ім бракуе вольнага дэмакратычнага паветра, сярод іх шмат наіўных людзей, якія памыляюцца ў справах палітыкі, такіх людзей нямала і ў Літве. Але вельмі важна, што ядро палітычных сілаў здолела ў надзвычай складаных умовах аб''яднацца арганізацыйна, здолела зрабіць істотны крок у сваёй структуралізацыі.

Найбольшая праблема ў беларускай сытуацыі – разьяднанасьць апазыцыйных кіруючаму рэжыму сілаў, і не таму, што яны ўвогуле ня здольныя да еднасьці, а таму што рэжым пасьлядоўна працуе дзеля іх разьяднаньня. А цяпер быў дасягнуты сапраўдны посьпех дэмакратычных сілаў. Можа, здаецца, што гэта ня гэтак і шмат, але з улікам асаблівасьцяў беларускіх варункаў, – гэта значнае дасягненьне”.

(Карэспандэнтка: ) “Што, на ваш пагляд прынясе Беларусі наступны 2006 год?”

(Белініс: ) “Я ўпэўнены, што калі апазыцыя захаваецца, то яна і надалей будзе арганізоўвацца, умацоўваць свае структуры. Менавіта структурна лепш наладжаная палітычная сіла можа паспрыяць такому разьвіцьцю падзеяў, як ва Ўкраіне, да прыкладу. Але ў Беларусі пакуль няма гэтага, і да таго ж зьнішчаныя незалежныя СМІ. Што да выбараў – ўсяляк можа стацца. Калі насамрэч існуе духоўная, маральная апазыцыя рэжыму, як кажа пра гэта Мілінкевіч, то можна чакаць і непасрэднага актыўнага супраціву.

У любым выпадку, рэжым і надалей будзе рабіць усё, каб разьяднаць дэмакратаў, але, як бы не разгортваліся падзеі, рэжым будзе слабець.

Расея будзе і надалей падтрымліваць беларускі рэжым, паколькі Расея трактуе Беларусь як свой інструмэнт у дачыненьнях з Захадам, як вайсковы і палітычны пляцдарм, які можна выкарыстоўваць у сваёй зьнешняй палітыцы, – але гэта не прынясе карысьці рэжыму, ня ўзмоцніць яго, – бо гэта ж пагражае ня толькі незалежнасьці Беларусі, але і самастойнасьці ўласна рэжыму, так што тут можна чакаць далейшых ускладненьняў, але ў любым выпадку Расея будзе і надалей імкнуцца ўтрымліваць свой уплыў на Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG