Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія падзеі 2005 году вы лічыце найважнейшымі?


Галіна Абакунчык, Менск Да завяршэньня 2005 году засталося некалькі дзён. Якімі адметнымі падзеямі ў жыцьці Беларусі ён запомніўся грамадзянам краіны? Гэтае пытаньне людзям на менскіх вуліцах задавала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Што самае важнае было ў Беларусі сёлета?”

(Спадарыня: ) “Нават ня ведаю, спартоўцы ў нас добрыя ў Беларусі. Ганарыцца ёсьць за што — беларусы такая нацыя працалюбная, стараемся паляпшаць сваё жыцьцё”.

(Спадар: ) “Напэўна, Дзень Перамогі, і ўсё. Шэсьцьдзесят гадоў прайшло, яшчэ нават гэтыя старыя бедныя жывыя… А астатняе несур’ёзна ўсё: і мэтро гэтае, і гэтак далей. Жыцьцё гэта, вось і ўсё”.

(Юнак: ) “Вось гэты канфлікт з Польшчай. Бо гэта ня проста канфлікт, а тэндэнцыя, якая разьвіваецца. І гэта адзін з рубяжоў, які можа ня надта добра паўплываць на Беларусь. Бо вось у такіх канфліктах з краінамі Эўразьвязу нашыя зь імі дачыненьні могуць пагаршацца ўсё больш і больш. А калі бы канфліктаў не было, калі б дачыненьні былі больш цёплыя, то гэта было б значна больш станоўча для нашай краіны”.

(Юначка: ) “Нашыя дзеці перамаглі ў “Эўрабачаньні” — малайцы яны. І гэтым яны даюць спадзяваньні на новыя перамогі й новае разьвіцьцё нашае — можа быць, гэта?”

(Карэспандэнтка: ) “Што адбылося важнага, на вашу думку?”

(Спадар: ) “Ну, што адбылося? Была адзіная газэта незалежная, і той ня стала — што тут можна гаварыць? Разумны чалавек ніколі да гэтага не дапусьціўся б, адзіную пакінуў бы”.

(Спадарыня: ) “Мне падабаецца, што ў нас стабільна. Мне падабаецца, што ў нас бомбы на галаву ня падаюць. Мне падабаецца, што маё дзіця можа спакойна гуляць, і я магу спакойна хадзіць. Гэта для мяне, як для маці, вельмі важна”.

(Спадар: ) “На мой погляд, ніякіх такіх падзеяў не адбылося. Ну, магчыма, вылучэньне адзінага кандыдата Мілінкевіча крыху аб’яднала апазыцыю. Ярка акрэсьленага адмоўнага не адбылося, але неяк сумна. Газэтаў няма якіх чытаць: няма “Деловой газеты”, “Народнай Волі”, я ўжо не кажу пра гарадзенскую “Пагоню”. І робіцца ўсё гэта вельмі дрэнна: нібыта і загаду няма, і газэты няма. Гэта ня тое што не па-чалавечы, гэта нячэсна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG