Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс навагодніх паштовак А.Мілінкевіча будзе вырашаць суд


Радыё Свабода Жлобінская міліцыя не вярнула апазіцыйнаму актывісту Уладзімеру Кацоры навагодніх віншавальных паштовак за подпісам Аляксандра Мілінкевіча, сканфіскаваных позна ўвечары 23 сьнежня. Міліцэйскае начальства наважана перадаць справу ў суд.

Як мы ўжо паведамлялі, тры дні таму жлобінская дзяржаўтаінспэкцыя затрымала апазыцыйнага актывіста Уладзімера Кацору, які ехаў з Менску ў Гомель на асабістай аўтамашыне. У пастарунку міліцыі ў Жлобіне падчас ператрусу аўтамашыны, які ўчыніла група сьледчага Івана Яўтушэнкі пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Холапава, у спадара Кацоры былі сканфіскаваны 57 тысячаў віншавальных паштовак з Новым годам і Калядамі за подпісам Аляксандра Мілінкевіча.

(Кацора: ) “Усе гэтыя асобы не давалі ніякіх тлумачэньняў. Казалі толькі, што ў іх ёсьць загад начальства. Яны забралі усё паштоўкі, якіх налічылі 57 тысячаў. Быў складзены пратакол дагляду і пратакол канфіскацыі. На словах было сказана, што гэта ўсё да асобага разьбіральніцтва”.

Начальнік Жлобінскай міліцыі Алег Прахарэнка паведаміў, што пасьля праверкі справа пра затрыманьне паштовак будзе перададзена у суд:

(Прахарэнка: ) “Пакуль матэрыял правяраецца. Будзем прымаць рашэньне. Рашэньне будзе прымацца на ўзроўні суду - суд вызначыць. Усе на законных падставах, на аснове закону. Той чалавек, які вёз паштоўкі, можа абскардзіць. І гэта таксама будзе рашэньне законнае. Тут пытаньняў ніякіх быць ня можа”, - лічыць начальнік Жлобінскай міліцыі Алег Прахарэнка.

Што менавіта парушыў спадар Кацора і ці парушыў наагул, начальнік міліцыі не патлумачыў.

Жлобінскі міжпракурор Мікалай Шчарбакоў, на імя якога Уладзімер Кацора пакідаў ў міліцыі заяву на незаконнае затрыманьне і канфіскацыю навагодніх віншавальных паштовак, паведаміў, што заява грамадзяніна Кацоры ў пракуратуру пакуль не паступіла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG