Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сьвяткуюць Каляды на захадзе і на усходзе краіны?


Радыё Свабода Калядны маратон доўжыцца ў Беларусі пад тры тыдні. Дастаткова для таго, каб заўважыць рознае стаўленьне да сьвята вернікаў, і тых, хто лічыць сябе па-за рэлігіяй. Каб пабачыць, як сустракаюць каляды на захадзе краіны і на ўсходзе, сталыя людзі і маладыя... Пра нацыянальныя адметнасьці сьвяткаваньня Раства Хрыстова – у чарговай тэматычнай перадачы цыклю “Падарожжы Свабоды”.

Марыя Ксёнда гурту “Суседзі” са славутага палескага мястэчка Моталь, што на Іванаўшчыне. ня толькі сьпяваць любіць, але й калядаваць. Дарэчы, як і ўсе яе сяброўкі, суседзі, сваякі...

(Ксёнда: ) “У нас не парушаецца традыцыя, выконваецца ўсё, як і раней. Наагул, на Палесьсі вельмі моцныя карані. З маленькіх ведаем, што трэба рабіць на Каляды. Калі зь царквы прыйдуць, толькі тады можна садзіцца за стол. А пакуль няма царкоўнага звону, ніхто ня будзе есьці. Усё гэта выконваецца”.

Спадарыня Ксёнда закранула вельмі важны – рэлігійны аспэкт сьвяткаваньня Раства Хрыстова. У адрозьненьне ад сваіх суседзяў – літоўцаў, латышоў, расейцаў, украінцаў (ня кажучы пра палякаў), за саветамі Беларусь найбольш зьведала рэлігійную дэфармацыю. Перад так званым “вызвольным” паходам Чырвонай Арміі ў 1939 годзе на ўсходзе краіны ацалелі толькі зь дзясятак цэркваў і ўсяго два касьцёлы. А на захадзе тады гучалі званы ў 900 храмах...

Спадарыня Вольга Рабцэвіч, якая жыве ў маладэчанскім мястэчку Радашковічы, лічыць, што менавіта гэта й вызначыла розныя падыходы да сьвяткаваньня калядаў у каталікоў і праваслаўных:

(Вольга: ) “Мы ж былі ўсе атэістамі, і таму ня ведалі ўсіх гэтых сьвятаў надта. Вось бабкі нашыя трохі адзначалі, аднак не хадзілі ў царкву ці касьцёл маліцца, бо не было з усяго гэтага – усё зачынілі... А іх у 39-м годзе далучылі да нас, вось таму і ведаюць усе гэтыя сьвяты, вельмі іх сьвяткуюць і ня надта цяпер задаволеныя тым далучэньнем...”

Нэла Янкоўская зь дзяржынскай вёскі Скірмантава:

(Янкоўская: ) “У нас жа зьнішчылі ўсе народныя традыцыі. Ў 36-м, 37-м гадах усіх мужчын пазабіралі. Бо граніца ж была пад бокам. Тут наагул нічога не дазвалялася: ні сьвятаў, нічога. Тут вельмі строга было. За ігнараваньне адпраўляліся людзі ў Курапаты, на Салаўкі, альбо яшчэ куды-небудзь”.

Спадарыня Вольга з Радашковічаў лічыць, што і сёньняшнія падыходы ўлады да каталіцкіх і праваслаўных калядаў штучна правакуюць пэўную палітычную напружанасьць. Бо крыўдзяць, кажа пэнсіянэрка, людзей каталіцкай веры, хоць у Радашковічах менавіта яны найперш і працягваюць традыцыі калядаваньня:

(Вольга: ) “Сьвяткуюць і заўсёды незадаволеныя, што ім не даюць другі дзень. Што ў нас ужо будуць субота зь нядзеляй. Крыўдуюць за гэта... Яны ж ведаюць, як яны сьвяткуюць -- ходзяць ад душы да касьцёла... І як у нас: маладыя мужыкі нап’юцца і п’яныя цягаюцца па вуліцах – усё сьвята для іх... На плот зваліцца ды вісіць ці ляжыць пад ім – вось і ўсё...”

Гэтаксама шмат т вернікаў рознага веравызнаньня ў дзяржынскай вёсцы Скірмантава. У адрозьненьне ад Радашковічаў тут вельмі актыўна працуюць мясцовыя культработнікі. Іхнымі высілкамі і праваслаўныя, і каталіцкія каляды сталі сумесным прыгожым сьвятам: (Антон: ) “У нас у вёсцы мы, напрыклад, польскай веры – каталікі. А тут ёсьць шмат і тых, хто праваслаўнай веры. Але тут, калі сьвята праваслаўнае ці каталіцкае, дык ня будзеш рабіць нічога. Усё роўна трэба сустрэць сьвята і тое, і другое. Вось 25-га сьнежня будуць сустракаць і тыя, і тыя. Потым зноў прыйдуць рускія Каляды, дык і пра іх не забудуць”.

Мужа – Антона Рэдзьку, дапаўняе спадарыня Зоя:

(Зоя: ) “Мы – католікі. А мая нявестка – праваслаўная. І добра, і нармалёва ўсё. Па вёсцы праходзяць каляды”. (Сьпявае)

А вось спадарыня Рабцэвіч з Радашковічаў кажа: у іх сьвяткуюць паасобку, і лепш атрымліваецца ў каталікоў...

(Вольга: ) “Барэйкі – католікі, яны заўсёды адзначаюць каляды, запрашаюць сваіх добрых сяброў. Мой муж праваслаўны, дык у нас пост, а ў іх ужо сьвята. Але ён пойдзе да іх, ну і “адзнача”! Вернецца дадому, кажу: “Чаму ж так піў? Нельга ў пост з чаркай і скваркай!” А ён: “Можна...”

Найчасьцей калядныя каноны не захоўваюць тыя вернікі, якія лічаць сябе праваслаўнымі. А яшчэ нашыя суразмоўцы бачаць адрозьненьні ў стаўленьні да сьвяточнага рытуалу людзей сталага веку і моладзі:

(Богдан: ) “Старэйшыя па сваёй традыцыі, як і раней, дванаццаць страваў гатуюць. Абавязкова пярловую кашу, бліны з макам, зь мёдам, квас грыбны, хлебны, каб быў. Стравы ўсе посныя... А маладзейшыя – спрошчана. Ведаюць, што такі дзень ёсьць. Сходзяць на службу. У нас тут і не асабліва так і адзначаюць як, напрыклад, за мяжою. У нас тут усё прасьцей. І абрадаў вялікіх няма...”

Аднак пэўныя надзеі на выпраўленьне сытуацыі і Антаніна Богдан са стаўбцоўскай вёскі Новы Сьвержань, і Вольга Рабцэвіч з Радашковічаў зьвязваюць якраз з моладзьдзю, якая жыве ўжо ў іншых умовах:

(Вольга: ) “Ведаеце, мая ўнучка ходзіць у царкву. Прыедзе да нас, і як толькі пазвоняць у царкве, яна пачуе і: “Бабуля, перахрысьціся, звоняць званы!” Сама тройчы перахрысьціцца, паклоніцца... Яе зь дзяцінства прывучаюць, таму й будзе ведаць, што гэта такое. А я, мы – вырасьлі так, пустапасам...”

Унучка цяпер мінчанка, ходзіць у нядзельную царкоўную школу. Яе бацькі лічаць гэта слабым рэхам нацыянальнага адраджэньня пачатку 1990-х гадоў. Менавіта тады народныя, рэлігійныя сьвяты – тыя ж каляды – і атрымалі, як кажуць, другое дыханьне. Аднак ненадоўга. Вось і зараз у мястэчку, што ўсяго ў паўсотні кілямэтраў ад сталіцы, складваецца зусім іншая сытуацыя:

(Вольга: ) “Гаварылі мне настаўнікі, што наш бацюшка схадзіў два разы ў школу, дык яго там абсьмяялі, аплявалі дзеці – больш ён не пайшоў... А ў католікаў паважаюць свайго ксяндза”.

Спадарыня Вольга пераехала пасьля вайны ў Радашковічы зь Віцебшчыны. Зараз няма моцы наведацца ў родныя мясьціны – жыве выпадковымі навінамі, і вельмі шкадуе, што там становіцца ўсё горш і горш. Бядуе: якое калядаваньне, калі на Віцебшчыне за апошнія чвэрць стагодзьдзя зьнікла кожнае чацьвёртае паселішча. Лічы, наноў вайна пачалася... А народныя традыцыі, кажа колішняя настаўніца, найперш трымаюцца на вяскоўцах. Вёска разбураецца – губляецца й нешта вельмі важнае ў духоўным жыцьці, -- дадае Валянціна Кавалёва з Прысна, што пад Магілёвам:

(Валянціна: ) “Для ўсяго сьвету каляды – гэта сьвята нумар адзін, а для нас яно – нежаданае... Мы яго баімся зараз! Таму што яно пераўтварылася ў п’янку. Вось суседка мая расказвае. Гадзіна ночы: стукаюць-грукаюць у дзьверы, шыбеніцу: “Каляда прыйшла, каляда прыйшла!” Што было пахапалі, пасьля іх застаўся адзін бруд, смурод, сапсаваны сьвяточны настрой – вось такія каляды...”

Аднак дзеля справядлівасьці варта зазначыць: хоць такая карціна сустракаецца вельмі часта, але не паўсюдна. Там, дзе глыбокія народныя традыцыі жывяцца энэргіяй энтузіястаў, пачуеш ды пабачыш зусім іншае... У тым жа іванаўскім Моталі заўсёды шмат ахвотнікаў калядаваць, цьвердзіць Марыя Ксёнда:

(Ксёнда: ) “Вой, на кожнай вуліцы! А вуліцаў вельмі шмат... Чуваць гармонік, песьні. Сьпяваюць прыгожа, а ня толькі, каб грошы зьбіраць. Выходзяць, калядуюць, сьпяваюць, віншуюць гаспадароў”.

Прыблізна тое самае ў дзяржынскай вёсцы Баравікі:

(Спадарыня: ) “Каляды ўсе адзначаюць”. (Іншая спадарыня: ) “І мы калядаваць будзем да раніцы, пакуль у кожную хату ня зойдзем”. (Яшчэ адна спадарыня: ) “Запражэм каня і паедзем. З бубянцамі паедзем калядаваць...”

Адразу на захадзе, а цяпер і на постсавецкай прасторы каляды ўсё больш заўважна губляюць сваю глыбінную сакральнасьць – яе падмяняе камэрцыяналізацыя сьвята. Тым больш, гэтаму спрыяе сам рытуал... Але ў параўнаньні з Польшчай беларускі калядны “бізнэс” выглядае часам досыць карыкатурна... Расказвае спадарыня Вольга з Радашковічаў:

(Вольга: ) “І ксёндз, і бацюшка пасьля калядаў ужо ідуць па каляду да людзей. Людзі ўжо даюць ім каўбасу, сала... Вось расказвала Барэйчыха: прыйшоў да іх ксёндз, цяпер амаль не трымаюць сьвіней, дык яму вялікую каробку цукерак падрыхтавалі. Ужо як яны там памаліліся, тую каробку падносяць. А ён вельмі незадаволены: усё цукеркі ды цукеркі, лепей бы каўбасу ды скварку, каўбасу ды скварку... Але гэтага няма...”

Здараецца, асобныя гаспадары ўвогуле не даюць каляды. І тады, расказвае Настасься Якавец з Лунінецкага раёну, калядоўшчыкі “помсьцяць”:

(Якавец: ) “А, здараецца, не дадуць каляды...То возьмуць ды весьнічкі гаспадарам пераставяць, занясуць Бог ведае куды. Альбо дзьверы падапруць калком ці дротам завяжуць...”

Аўтар больш як 30 тэлевэрсіяў калядак мастацтвазнаўца Васіль Ліцьвінка так камэнтуе гэты звычай:

(Ліцьвінка: ) “Калядныя два тыдні называюць “крывыя вечары”: можна ўсё наадварот рабіць. У Пружанскім раёне я бачыў, як хлопцы загуляліся і на вільчык хлява зацягнулі воз. Уяўляеце сабе? Пасьля пад’ёмным кранам яго здымалі. Сваімі вачыма бачыў. Яшчэ “Жаніцьба Цярэшкі” – моладзь усю ноч карагоды вадзіла. Ну і так далей, так далей. Бясконца можна гаварыць... Як жыцьцесьцьвярджальнае, тэатралізаванае сьвята Каляды захаваліся менавіта 7-га студзеня. На Раство Хрыстовае па Грыгарыянскаму календару (каталіцкая канфэсія,) там у асноўным хрысьціянізаваныя сюжэты”.

І ўсё ж краіна цягнецца за эўрапейскімі суседзямі. З 1990-х гадоў, напрыклад, не перапыняецца традыцыя камэрыцыйнага калядаваньня ў музэі народнага побыту ў Дудутках Пухавіцкага раёну. Хто туды едзе? Якія забавы прапануюцца? Расказвае адна з арганізатараў каляднага туру Надзея Аляксейчык:

(Аляксейчык: ) “У асноўным кампаніі – з працы зьбіраюцца супрацоўнікі, калегі і едуць арганізавана. Мы гэта робім не ўпершыню, а кожны год. Асабліва прыяжджаюць іншаземцы – расейцы. Будзе самагон, сала, цыбуля і хлеб. Ганчарная майстэрня, музэй аўтарэтра, пякарня, кузьня , канюшня, вертэп, галерэя ткацтва і саломапляценьня. Людзі едуць...”

Бо душы хочацца сьвята, тлумачыць Настасься Якавец:

(Якавец: ) “Я мяркую, што гэта старажытнае сьвята. Мажліва, што яго трохі нібыта “прыбудавалі” да праваслаўя. Трохі перайначылі. Але яно, мяркую, ад роду ідзе. З Раством, Вас, людзі добрыя! З Калядою! Шчадрацом! Новым годам! З новым шчасьцем! Добрага здароўя!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG