Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На гэты момант у ЦВК падалі дакумэны С.Гайдукевіч, А.Лукашэнка і З.Пазьняк


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня апошні дзень падачы дакумэнтаў у Цэнтравыбаркам на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэньні кандыдатаў на прэзыдэнцкія выбары. Учора ў Цэнтральную камісію паступілі адпаведныя дакумэнты ад лідэра КХП/БНФ Зянона Пазьняка, дэпутата Палаты прадстаўнікоў, лідэра ЛДП Сяргея Гайдукевіча і дзейнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

У адпаведнай пастанове ЦВК гаворыцца, што асоба, якая мае намер вылучыцца кандыдатам у прэзыдэнты павінна прад’явіць пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Аднак толькі Сяргей Гайдукевіч асабіста прынёс учора сваю заяву. Зянон Пазьняк, які знаходзіцца за мяжой, прыслаў свае дакумэнты па пошце і Цэнтравыбаркам атрымаў ягоную заяву першай. А вось дакумэнты Аляксандра Лукашэнкі пасьля 18-й гадзіны прынёс кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы і кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктар Шэйман.

Дакумэнты першай тройкі прынятыя да разгляду Цэнтравыбаркамам. Адметна, што склад ініцыятыўных груп значна перавышае сто чалавек, якія прадугледжваюцца заканадаўствам. Найбольшая група ў спадара Лукашэнкі – 6 212 чалавек. У спадара Гайдукевіча – 3073 чалавек. Зянон Пазьняк падаў сьпіс на 2405 чалавек.

Сёньня на 16 гадзінаў заплянаваў свой візыт у Цэнтравыбаркам адзіны кандыдат ад дэмсілаў Аляксандар Мілінкевіч.

(Мілінкевіч: ) “Безумоўна, працуем у цэйтноце, таму што стварыць у некалькі тысячаў групу за некалькі дзён вельмі цяжка. Хаця нельга сказаць, што мы раней да гэтага не рыхтаваліся. Але трэба з кожным чалавекам перагаварыць, кожнаму патэлефанаваць альбо зайсьці, калі няма тэлефона і дамовіцца пра ўдзел у працы. Таму праца за некалькі дзён вельмі цяжкая. Але мы яе завяршаем. Настрой выдатны. І ўся каманда ў выдатным, энэргічным настроі. Нас не зламаеш так проста, таму што мы ведаем на што ідзем, ведаем якая гэта будзе барацьба. Ведаем, што яна будзе несумленная, але ў нас сілаў хапае.”

Таксама сёньня зьбіраецца падаць дакумэнты лідэр БСДП(Грамада) Аляксандар Казулін. Ня выключана, што могуць паступіць дакумэнты і ад генэрала Валеры Фралова. Ён скардзіцца, што не хапае часу, каб “ініцыятыўная група была створана спакойна, памяркоўна, як гэта прынята на Беларусі.” Былы старшыня Савету рэспублікі Аляксандар Вайтовіч учора ўвечары таксама ня даў яснага адказу пра свае пляны. Маўляў, сёньня мы пра ўсё даведаемся, але навіны будуць. Чаму ж, фактычна, ў апошнія дні здаюцца дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных груп? Тлумачыць спадар Вайтовіч.

(Вайтовіч: ) “Я думаю, таму што вельмі маленькі тэрмін далі. Усё ж такі тэрмін маленькі. Вядома, больш за ўсіх быў падрыхтаваны Лукашэнка. Таму што ў яго ўсё было падрыхтавана. Ён мог у любы час запусьціць гэтую працэдуру”.

Вядомы праваабаронца, адвакат Гары Паганяйла адзначае, што кіраўніком ініцыятыўнай групы спадара Лукашэнкі прызначаны кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктар Шэйман. Ён, дарэчы, уваходзіць у сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу. Аднак карысьць ад спадара Шэймана будзе бясспрэчнай.

(Паганяйла: ) “Кандыдат можа абраць любую асобу. Іншая справа, што спадар Шэйман, відаць, не сыходзіць у адпачынак у сувязі з гэтай сваёй грамадзкай дзейнасьцю, а будзе выкарыстоўваць усю сілу апарату, які знаходзіцца ў ягоных руках. Ну, у сёньняшняй Беларусі глядзець на тое, што адбываецца, нармальнаму чалавеку проста немагчыма”.

Цэнтравыбаркам мусіць у пяцідзённы тэрмін разгледзець заявы, зарэгістраваць ініцыятыўныя групы і выдаць яе сябрам адмысловыя пасьведчаньні і падпісныя лісты для збору подпісаў. Паводле сакратара Цэнтравыбаркаму Мікалая Лазавіка, рашэньне аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп мяркуецца прыняць 27 сьнежня на паседжаньні Цэнтральнай камісіі. А з 29 сьнежня павінна пачацца вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты.

(Лазавік: ) “Я не лічу, што гэта нейкія недахопы – хутка, марудна. Гэта ж не гонкі на апярэджваньне. Кожная ініцыятыўная група, перш чым падаць дакумэнты, павінна сама вельмі старанна выверыць усё, каб у Цэнтральнай камісіі ўжо, як гаворыцца, не было ніякіх зачэпак”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG