Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец: “Беларусы сваіх у бядзе ня кідаюць”


Любоў Лунёва, Менск Былы лідэр “Маладога фронту” Павал Севярынец адбывае пакараньне на “хіміі” ў вёсцы Малое Сітна, за чатыры кілямэтры ад беларуска-расейскай мяжы. Ён пакараны за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. Паўла накіравалі на працу ў леспрамгас, дзе апазыцыйны палітык цягае бярвеньні ў другую зьмену да 11-й ночы. Павал Севярынец лічыць для сябе 2005 год багатым на падзеі.

(Севярынец: ) “Самай яскравай падзеяй у 2005 годзе для мяне стала прэзэнтацыя маёй кнігі “Нацыянальная ідэя: фэнамэналёгія Беларусі”. Я працаваў над гэтай кнігай два з паловай гады. Нарэшце яна выйшла. Яе прэзэнтацыя і водгукі на яе былі для мяне самай важнай падзеяй. Натуральна, запомніліся крымінальная справа, суд, адпраўка на “хімію”, знаёмства з крайняй поўначчу Беларусі… Паездка ў Амэрыку, першая ў маім жыцьці, сур’ёзна ўразіла.

Ну, а, што цяпер ёсьць? Лесанарыхтоўкі, праца ў другую зьмену, праявы салідарнасьці. Столькі пішуць! Я за ўсё сваё жыцьцё не атрымліваў столькі пасылак і лістоў, колькі за гэтыя чатыры месяцы. Безумоўна, удзячны ўсім, хто гэтую салідарнасьць праяўляе. Беларуская салідарнасьць ёсьць. Калі раней я сумняваўся ў гэтым факце, то цяпер магу сказаць пэўна: больш за 120 чалавек прыехалі, каля 90 лістоў, каля 10 пасылак, вось і прэмія… Лічу, што беларусы сваіх у бядзе ня кідаюць, з чым я магу павіншаваць Беларусь.

Чаго я чакаю ад будучыні, ад будучага году? Таго, чаго чакае і ўся Беларусь, — перамогі нацыянальнага і дэмакратычнага руху ў 2006 годзе і чым хутчэйшых пераменаў, якія павінны мяняць нашу краіну з самых глыбіняў душаў і да вуліцаў гарадоў. Безумоўна, падставы для аптымізму ёсьць. Беларускае грамадзтва мабілізуецца. Беларуская нацыя рыхтуецца да гэтай перамогі. У гэтым я бачу падмурак для пасьпяховых дзеяньняў у 2006 годзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG